Воінам-інтэрнацыяналістам

У Сянне з’явіўся помнік воінам-афганцам, усім сенненцам, якія прымалі ўдзел у войнах за межамі краіны. У парку Трох герояў на пастаменце ўстаноўлены бронетранспарцёр, такая ж легендарная машына, як і танк Т-34. Адкрыццё помніка адбылося 25 чэрвеня, у дзень вызвалення Сянна ад нямецка-фашысцскіх захопнікаў.

На ўрачысты мітынг сабралася шмат сенненцаў. Прыйшлі і тыя, хто прайшоў ваеннымі дарогамі Афганістана. За доўгіх 9 гадоў і 51 дзень у неаб’яўленай вайне прынялі ўдзел 75 ураджэнцаў Сенненскага раёна, трое з іх загінулі, адзін прапаў без вестак. «Афганцы» нясуць страты і ў мірный час — ад наступстваў вайны многія памерлі на радзіме. Пра гэта нельга забыць. У час мітынгу ў памяць пра іх была аб’яўлена хвіліна маўчання. Нельга забыць і той факт, што салдаты засталіся вернымі прысязе, выканалі свой абавязак перад радзімай — яны абаранялі інтарэсы дзяржавы за яе межамі. Як у гады Вялікай Айчыннай вайны рабілі іх дзеды і бацькі. Пра гэта гаварылі ўсе, хто браў слова ў час правядзення мітынгу: Сяргей Дзябольскі, які афіцэрам служыў у Афганістане ў войсках спецыяльнага прызначэння; Валер’ян Мацкевіч, старшыня абласной грамадскай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў; Сяргей Пінчук, раённы ваенны камісар.

Да ўдзельнікаў мітынгу звярнуўся старшыня  раённага выканаўчага камітэта Віктар Цапота. Ён падзякаваў Міністэрства абароны, аблвыканкам, раённыя службы, якія аказалі дапамогу ва ўстаноўцы помніка, выказаў упэўненасць, што помнік паслужыць далейшаму патрыятычнаму выхаванню моладзі. Віктар Цапота  і старшыня раённай ветэранскай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў Сяргей Акулёнак адкрылі памятны знак.

Удзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі, вянкі да помніка. Ад імя раённай выканаўчай і прадстаўнічай галін улады гэта зрабілі Віктар Цапота і Міхаіл Вілюга.

Цырымонія адкрыцця помніка завяршылася невялікім канцэртам, у якім прагучалі песні ваеннай тэматыкі.

 

Наш кар.
НА ЗДЫМКАХ: у час мерапрыемства.