Віват, турзлёт! І да новых сустрэч

Турзлёт — гэта цікавая альтэрнатыва гарадскім будням. Адарвацца ад працы, штодзён­най мітусні і прыехаць у лес… Хто не марыць пра гэта? Вось і сёлета актыўная і энергічная працоўная моладзь Сенненшчыны адправілася ў Багданаўскі бор, які ўжо не першы год вітае турыстаў.

Правесці тры дні на свежым паветры, пажыць у палатках, прыняць удзел у спаборніцтвах, віктарынах, конкурсах вырашылі 7 каманд: УП «Будмеліяводгас», Сенненскага райспажыўтаварыства, Багушэўскага лясгасу, РУП ЖКГ, Сенненскага ПМС, аддзелаў адукацыі і культуры райвыканкама.У першы дзень адбыўся масавы заезд каманд. Хлопцы і дзяўчаты дружна ставілі палаткі, упрыгожвалі і наводзілі парадак у сваіх лагерах. Адкрыла турыстычны злёт 2013 года Марына Наваковіч, начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама. Павіншаваць удзельнікаў спаборніцтваў прыехаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Сяргей Мяцеліца, які пажадаў камандам поспехаў, з карысцю правесці час, знайсці новых сяброў. Абавязковы інструктаж па тэхні­цы бяспекі правёў старшыня райсавета АСВОДа Уладзімір Станкевіч.

Стартаваў турзлётарыентаваннем на мясцовасці па азімуце. Лепшы вынік у ім паказала каманда Багушэўскага лясгасу.

Другі дзень быў больш насычаным мерапрыемствамі. Турыстычная паласа перашкод, якая ўключала ў сябе пераправу па бервяне, навясной і паралельных вяроўках, «маятнік», «гаць», выраб насілак і перанос пацярпелага ўброд — напэўна, самае цяжкое і захапляльнае спаборніцтва. Акрамя гэтага каманды памераліся сіламі ў трыятлоне і валейболе. У гэтых спаборніцтвах не было роўных моцным і спрытным хлопцам і дзяўчатам з каманды «Убойная сіла» УП «Будмеліяводгас».

Не абышлося і без творчых нумароў і турніру інтэлектуалаў, прысвечанага гісторыі Сенненшчыны. У конкурсе мастацкай самадзейнасці ўдзельнікі турзлёту прадстаўлялі візітную картку сваёй каманды. Нельга не згадаць арыгінальны, касцюміраваны нумар-пераможцу каманды аддзела культуры райвыканкама «Бінга-бонга», якая, дарэчы, дэбютавала ў турзлёце. Незабыўным стаў і танец белых лебедзяў «артыстаў балету» Багушэўскага лясгасу.

Кожная каманда прывезла з сабой паходную газету, якая адлюстроўвала погляд на адпачынак, была напоўнена гумарам і мела аўтарскую выразнасць. Ацэньваўся і быт кожнага палатачнага лагера. Прыемна ўразіў конкурс пачатковай турыстычнай падрыхтоўкі.

За гэтыя тры дні ўдзельнікі настолькі звыкліся з лясным бытам, пасябравалі з камандамі-суседкамі па палатачным лагеры, што вяртацца дамоў зусім не хацелася. Незабыўнымі сталі вечары адпачынку ля кастра з песнямі пад гітару, начной дыскатэкай. Нават, надакучлівыя камары Багданаўскага бору не сапсавалі настрой сенненскім турыстам.

Па выніках усіх конкурсаў першае месца заняла каманда Багушэўскага лясгасу. На другім апынуліся турысты з УП «Будмеліяводгас», якія набралі крыху менш балаў. Нядрэнна паказалі сябе хлопцы і дзяўчаты з аддзела адукацыі райвыканкама.

Каманды, якія вылучыліся ў розных конкурсах былі адзначаны дыпломамі, а каманды-пераможцы павезлі з сабой і каштоўныя падарункі.

Рамантыку турзлёту немагчыма да канца перадаць словамі. На турзлёце трэба абавязкова пабываць і перажыць яго цудоўныя імгненні!

Ірына ГАРБАЧОВА.

НА ЗДЫМКАХ: выступае каманда аддзела культуры райвыканкама «Бінга-бонга»; моманты спаборніцтваў.

Фота аўтара.