Пад ветразем пяшчоты і любові

Адэлі і Арцёму Бабіч з райцэнтра лёс падарыў трох цудоўных дзетак. Руслана, Эльдар і маленькі Цімоша растуць у сям’і, дзе пануе атмасфера дабрыні, узаемапавагі і разумення.

Бабічы адна з нямногіх сямей на Сенненшчыне, якую можна назваць інтэрнацыянальнай. Адэля — татарка, родам з Баку. Прыехала з бацькамі з сонечнага Азербайджана ў наш раён, калі ёй было 16. Скончыўшы Віцебскі тэхналагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці мадэльер-канструктар, працавала ў Оршы ў сферы гандлю.

Арцём таксама па волі лёсу трапіў у Беларусь. Нарадзіўся і вырас на Украіне. Атрымаўшы эканамічную адукацыю ў Жытомірскім універсітэце, спрабаваў сябе на ніве прадпрымальніцкай дзейнасці ў Оршы, дзе і пазнаёміўся са сваёй другой палавінкай.

У юнацкія гады Арцём марыў бачыць побач з сабой жанчыну з усходу. А аднойчы ўвогуле заявіў маці, што жэніцца толькі на ўсходняй прыгажуні. На што тая пасмяялася — адкуль жа ёй узяцца тут, у Оршы?

Сёння, успамінаючы гэты выпадак, Арцём прызнаецца: «Я быў упэўнены, што знойдзецца тая адзіная і загадкавая дзяўчына з усходу».

Блізкія па характары Адэля і Арцём нібы зліваюцца ў адно цэлае. Жанчына настолькі адчувае мужа, што той яшчэ будзе думаць, як Адэля агучыць яго думкі. У іх шмат агульных інтарэсаў. Яны гадзінамі могуць размаўляць пра культуру, музыку; ім падабаецца танцаваць (што атрымліваецца вельмі добра). З’яўляючыся аматарамі кулінарыі, любяць здзіўляць сваіх дзяцей і сяброў смачнымі ласункамі. Але, бадай, самае цікавае, што аб’ядноўвае гэтую пару — супадзенне дзён народзінаў іх блізкіх людзей — мам.

Арцём ніколі не павысіць голасу на сваю каханую, ды і тая, у сваю чаргу, маючы мяккую натуру, не дапусціць такой сітуацыі.

Сёння Адэля знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску па доглядзе за маленькім Цімошам, Арцём — працуе ў РКЦ ААТ «Белаграпрамбанк». У выхадныя, гэтыя рэдкія дні, калі збіраецца ўся сям’я, яны імкнуцца як мага больш часу праводзіць разам. І тут ужо тату, які з-за працоўнага графіка бачыць дзяцей толькі позна вечарам, нікуды не дзецца. Сумесным праглядам мультфільмаў справа не заканчваецца. Разам займаюцца бісерапляценнем, малююць, чытаюць кнігі, нават у магазін за прадуктамі ходзяць усёй сям’ё­й. Самыя прыемныя для Адэлі, як гаспадыні і захавальніцы сямейнага дабрабыту, моманты наступаюць вечарам, калі сям’я збіраецца за сталом. За кубачкам духмянай гарбаты ў прыкуску са спецыяльна звараным па-азербайджанску цукрам, яны любяць глядзець на захад сонца.

Ва ўзаемаадносінах — паміж мужам і жонкай, бацькамі і дзецьмі — пануе гармонія. Калі глядзіш на іх, адчуваеш непадробную шчырасць і бязмерную любоў, якой яны адорваюць адзін аднаго.

Як лічыць Адэля, сям’я — самае галоўнае ў яе жыцці. І гэта не толькі дзеці. Для яе сэнс гэтага слова намнога шырэйшы: гэта і іншыя родныя людзі. Таму мы проста не маем права адводзіць іх на другі план, адзначае жанчына.

Усе самыя лепшыя якасці Адэля і Арцём перанялі ў сваіх бацькоў. Менавіта бацькі навучылі іх павазе, узаемаразуменню …

—Таму сёння наша задача выхаваць сваіх дзяцей дастойнымі людзьмі, — працягвае Арцём, — каб у будучым па-сапраўднаму цешыцца і ганарыцца імі.

Бабічы — таленавітая сям’я. Арцём у вольны час займаецца лепкай, Адэля стварае з бісера прыгожыя рэчы, Руслана піша вершы. Нягледзячы на тое, што дома ўсе размаўляюць на рускай мове, перавагу дзяўчынка аддае беларускай. У мінулым годзе, удзельнічаючы ў абласным конкурсе паэзіі «Зорка Венера», прысвечаным 120-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча, Руслана атрымала дыплом ІІІ ступені.

Пра сябе Бабічы ўпершыню заявілі ў 2011 годзе на раённым фестывалі «Сузор’е сямейных талентаў». Сваёй абаяльнасцю, непрадказальнасцю яны змаглі заваяваць сэрцы журы.

Таму прадстаўляць раён на рэгіянальным этапе абласнога конкурсу «Лепшая шматдзетная сям’я Віцеб­шчыны-2013» было прапанавана Бабічам. Сям’я стала пераможцай. А завяршальны этап конкурсу, які праходзіў у Віцебску ў канцы мая, стаў чарговым пацверджаннем таго, што Бабічы з Сянна па-сапраўднаму лепшыя: яны сталі лаўрэатамі.

Сёння ў планах сям’і прыняць удзел у абласным конкурсе нацыянальных культур, што пройдзе восенню ў Міёрах. Аднак пакуль Адэля і Арцём яшчэ не вырашылі, культуру якой краіны будуць прадстаўляць.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

На здымку: сям’я Бабіч.