Пешшу, на веласіпедзе, аўтастопам…

Так больш за 30 гадоў дабіраецца да сваіх хворых Ала Карповіч, якая працуе на фельчарска-акушэрскім пункце в.Канстантова.

Яна з дзяцінства палюбіла медыцыну. Яркім прыкладам чалавека самай гуманнай прафесіі стала яе цётка. Паступіла ў Аршанскае медвучылі­шча. Пасля вучобы маладую акушэрку, ураджэнку Талачын­шчыны, накіравалі ў Сенненскі раён(на той час на ФАП у вёсцы Канстантова быў патрэбен медыцынскі работнік). А праз некаторы час  выйшла замуж за мясцовага хлопца, нара­дзіліся дзеці…

 Работа на ФАПе не менш складаная, чым у паліклініцы. Прафесія фельчара вельмі адказная і важная. Менавіта фельчару час­та даводзіцца аказваць першую неадкладную дапамогу, якая можа выратаваць чалавечае жыццё. Ала Аляксандраўна вядзе амбулаторны прыём хворых, выязджае па выкліках на дом, праводзіць агляд школьнікаў, робіць ім прафілактычныя прышчэпкі, вакцыны, наведвае пажылых вяскоўцаў, цяжарных жанчын. Абслугоўвае фельчар не толькі жыхароў Канстантова, а яшчэ шасці суседніх населеных пунктаў. Прычым, са студзеня бягучага года працуе два разы на ты­дзень і на Круглянскім ФАПе: замяшчае мясцовага фельчара на час дэкрэтнага водпуску. Летам — на веласіпедзе, зімой — пешшу, а калі і аўтастопам Ала Аляксандраўна дабіраецца да сваіх няблізкіх пацыентаў.

 Загадчыца Канстантоўскага ФАПа — гэта і сапраўдная гаспадыня ў сваім доме і на месцы працы. Аматарка кветак разводзіць розныя незвы­чайныя расліны і ўпрыгожвае імі  наваколле. «Парадак — на рабоце, парадак — дома»,— такі дэвіз жанчыны.

 Нядаўна Ала Аляксандраўна адзначыла 50-гадовы юбілей. Павіншаваць дарагога чалавека з’еха­ліся самыя блізкія і родныя ёй людзі. Сярод іх дачушка і сын з сям’ёй.

Ірына ГАРБАЧОВА.

Фота аўтара.