Павялічваць рэнтабельнасць прадукцыі, паляпшаць умовы працы

Як мы паведамлялі, група запрошаных для ўдзелу ў рабоце калегіі Міністэрства лясной гаспадаркі пабывала ў Багушэўскім лясгасе. Узначаліў яе намеснік міністра Фёдар Лісіца. Вітаючы дырэктараў лясгасаў Віцебскай і Магілёўскай абласцей, кіраўнікоў абласных аб’яднанняў, ён прасіў звяртаць увагу не толькі на аб’екты лясной гаспадаркі: «Нам цікава ўсё станоўчае, што ёсць на Сенненшчыне».

За кошт глыбіні

перапрацоўкі

Вытворчая дзейнасць у лясной гаспадарцы накіравана галоўным чынам на ўзнаўленне і догляд лясоў. Яшчэ адным важным прыярытэтам апошніх гадоў стала павелічэнне прыбавачнага прадукту за кошт глыбіні перапрацоўкі драўніны. Атрыманыя сродкі накіроўваюцца на аднаўленне вытворчай базы лясгасаў, павелічэнне заробкаў, паляпшэнне ўмоў працы работні­каў. У гэтым накірунку рухаецца і Багушэўскі лясгас. Рэканструяваны дрэваапрацоўчы цэх, нала­джана вытворчасць пілетаў і шчапы. Знаёмтсва з вытворчай базай лясгаса пачалося якраз з гэтых аб’ектаў. Гасцей цікавілі тэхналагічныя асаблівасці вытворчасці, эфектыўнасць выкарыстання новага абсталявання, яшчэ больш — эканамічныя паказчыкі.

— Прадукцыя дрэваапрацоўкі запатрабавана, яе вытворчасць і продаж — рэнтабельныя, — тлумачыў Віталь Марцынкевіч.

— Чаму тады цэх працуе толькі ў адну змену? — выказаў здзіўленне Фёдар Лісіца.

— Не хапае людзей, — быў адказ.

— Павышайце зарплату, стварайце належныя ўмовы працы, і людзі прыдуць, — парыраваў намеснік міністра.

А вось дапамагчы кіраўніку скамплектаваць каманду спецыялістаў (у лясгасе няма галоўнага ляснічага, галоўнага інжынера) Фёдар Лісіца даручыў сваім памочнікам, кіраўніцтву абласнога лесагаспадарчага аб’яднання.

Ёсць праблемы і ў рабоце пілетнага цэха. Яго абсталяванне яшчэ не так даўно эксплуатавалася ў Бабруйску. Багушэўцы набылі цэх па прымальнай цане. Але многае, у прыватнасці, электрарухавікі, давялося мяняць. Некаторы час спатрэбіўся на асваенне тэхналогіі, пошукі рынкаў збыту. Пілеты запатрабаваны пераважна ў Заходняй Еўропе. Праўда, і прадаць іх там можна па больш высокім кошце. Рэнтабельнасць прадукцыі летась склала 12 %.

8 % рэнтабельнасці мае шчапа, якая рэалізуецца на ўнутраным рынку. Асноўным спажыўцом гэтага віду паліва ў ацяпляльны сезон з’яўляецца Сенненскае РУП ЖКГ. Камунальнікі маюць сваю драбільную ўстаноўку, шчапу ім пастаўляе шэраг іншых арганізацый. Так што лясгас працуе ва ўмовах даволі сур’ёзнай канкурэнцыі. Зрэшты, яна падштурхоўвае да пошуку шляхоў зніжэння затрат на вытворчасць.

У Багушэўскім лясгасе гатовы нарошчваць аб’ёмы вытворчасці запатрабаванай прадукцыі за кошт павелічэння колькасці работнікаў. За апошнія месяцы заробак на прадпрыемстве вырас да 3,5 мільёна рублёў. Госці з зайздрасцю аглядалі бытавыя памяшканні. Работнікі прамысловай зоны могуць карыстацца халадзільнікам і мікрахвалевай печчу, прыняць душ, пераапрануцца ў камфортных умовах. Прымальныя ўмовы працы маюць работнікі, якія працуюць у лясніцтвах.

Хімічныя сродкі аховы ў экалагічна чыстых лясах

Павелічэнне даходнай часткі дазволіла лясгасу немалыя сродкі патраціць на набыццё чыгуначнай веткі і яе рэканструкцыю, сродкаў пажарнай аховы, сучаснай тэхнікі, якая працуе на лесасеках і пітомніках. Зразумела, даводзіцца выкарыстоўваць і банкаўскія крэдыты, сродкі, што накіроў­ваюцца Міністэрствам і бюджэтам на рэалізацыю мэтавых праграм. У гэтым госці яшчэ не раз пераканаліся. На пастаянным пітомніку Багушэўскага лясніцтва для праполкі насаджэнняў выкарыстоўваецца не толькі ручная праца людзей, за­дзей­нічана тэхніка, прымяняюцца гербіцыды. Пабудаваны і выкарыстоўваюцца для ўкаранення парасткаў парнікі. На значнай плошчы ўстаноўлены палівачная дажджавальная сістэма, для раслін закрытага грунту — кропельны паліў. Пры гэтым на пітомніку няма пастаянных работнікаў. Працуюць сумяшчальнікі ці, у летні перыяд, часовыя работнікі.

— Лічу падобны падыход заганным, — выказаўся Фёдар Лісіца. — Стварайце належныя ўмовы працы для людзей і тут, бярыце пастаянных работнікаў. Саджанцы лясных культур, вы ведаеце, запатрабаваны на знешніх рынках. А гэта дадатковае паступленне валюты, дадатковыя даходы.

— Мы ў гэтым накірунку і працуем, — выказаўся Мікалай Шпігун, начальнік ляснога аддзела ДЛГУ «Багушэўскі лясгас».

Метадам калектыўнага інтэлектуальнага штурму

Актыўны абмен думкамі працягваўся. Да размовы па ініцыятыве намесніка Мі­ністра далучыліся госці. У прыватнасці, было выказана меркаванне, што наступным крокам у развіцці аб’екта павінна стаць будаўніцтва цяпліцы, вырошчванне са­джан­цаў прыгодных для азелянення населеных пунктаў, дачных участкаў. У выніку, зноў выйшлі на неабходнасць паляпшэння ўмоў працы лю­дзей. На пітомніку павінен нехта знаходзіцца круглыя суткі. Інакш прадукцыя азелянення стане вялікай спакусай для аматараў лёгкай нажывы.

Метад калектыўнага інтэлектуальнага штурму выкарыстоўваўся на іншых аб’ектах наведвання. Вабіла манера размовы, бо абмеркаванне праблем вялі спецыялісты, а не чыноўнікі рознага ўзроўню, не начальнік і падначаленыя.

Замест ручной працы сучасная тэхніка

У Багушэўскім лясгасе актыўна набываецца новая сучасная тэхніка. У лесе ўсё менш людзей, ручной працы. Нават шведскі метад нарыхтоўкі лесу з выкарыстаннем бензапілы — учарашні дзень. У Обальскім лясніцтве вялася распрацоўка лесасекі харвестарам для рубак догляду «SAMPO». Тэхніка замежная, высока­прадукцыйная. Выконвае ўсе неабходныя работы: валіць дрэва, абсякае сукі, крыжуе.

— Пакуль што на тэхналагічныя аб’ёмы нарыхтоўкі аператар не выйшаў, бо працуе некалькі месяцаў. Але рост прадукцыйнасці працы ёсць, — не хаваў Андрэй Старавойтаў, ляснічы Обаль­­скага лясніцтва.

Ён жа прымаў гасцей у адміністрацыйным будынку лясніцтва, выступіў у якасці экскурсавода па тэрыторыі вакол. Кожнае лясніцтва Багушэўскага лясгаса мае сваю адметнасць. Але яднае іх імкненне калектываў утрымліваць памяшканні, у тым ліку вытворчыя, тэрыторыю ў належным стане. Як і абсталяванне, што захоўваецца на тэрыторыі, каб пры неабходнасці выкарыстоў­ваць яго па прызначэнні. У работнікаў лясгаса тут ёсць чаму павучыцца ўсім сенненцам. Зрэшты як і калегам з іншых лясгасаў.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

НА ЗДЫМКАХ: калег ві­таюць (злева направа) Ві­таль Марцынкевіч, Міхаіл Вілюга і Фёдар Лісіца; са­джанцы дуба ў пітомніку; дрэваапрацоўчая вытворчасць; тлумачэнні гасцям даюць спецыя­лісты лясгаса.