Дзеля ўсмешкі дзяцей

У рамках святкавання Міжнароднага дня абароны дзяцей у раённым Доме культуры адбыўся канцэрт. На свята, якое адзначаюць ва ўсім свеце з 1950 года, сабралася поўная зала юных сенненцаў і іх бацькоў.

Разам з казачнымі героямі — Гары Потарам, Пэпі — дзеці падарожнічалі па краіне дзяцінства. Яны акунуліся ў свет чараўніцтва, каб перамагчы зло і знайсці чароўны камень. На іх шляху сустракаліся каларытны Карлсан, загадкавы Лясун, вясёлыя Воўк і Баба-Яга, і іншыя, іншыя героі кніг і казак, якія правялі з дзецьмі розныя гульні.

Канцэртна-забаўляльную праграму падрыхтавалі спецыялісты аддзела адукацыі райвыканкама. У яе пастаноўцы дапамаглі педагогі дзіцячага ясляў-сада №2 г.Сянно, Студзёнкаўскай і Беліцкай школ, сацыяльна-педагагічнага цэнтра, Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Танцавальныя і вакальныя нумары падарылі навучэнцы гарадскіх школ, школы-інтэрната і Сенненскага цэнтра дзяцей і моладзі.

Як адзначыла адна з прысутных бабуль, якая прыйшла на мерапрыемства паглядзець, як выступае яе ўнук, кожны год дарослым хочацца зрабіць гэта свята асабліва запамінальным для дзяцей. Сёлета гэта ўдалося, пра што сведчылі усмешкі на дзіцячых тварах.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Фота аўтара.