На службе — сям’я Хацько

Ён — участковы міліцыянер. Яна — інспектар па справах непаўналетніх. Разам — маладая сям’я Хацько і абодва служаць у Багушэўсім ад­дзяленні міліцыі.

Чаму міліцыя? Вольга Хацько не задумваючыся кажа: «У дзяцінстве бацька часта ставіў у прыклад міліцыянера. Для мяне служба ў міліцыі — увасабленне сумлення і гонару, сур’ёзнасці і адказнасці». Аднак, пасля заканчэння Яноўскай школы Вольга пасту­піла на біялагічны факультэт Віцебскага дзяржуніверсітэта, дзе вывучала геаграфію. Студэнткай зацікавілася спортам. Пачала наведваць трэніроўкі: спачатку — па армрэслінгу, потым — па ўсходніх адзінаборствах. Ёсць у яе скарбонцы і спартыўныя ўзнагароды. І ўсёж Вольга змагла ажыццявіць дзіцячую мару: паступіла на завочнае ад­дзяленне юрыдычнага факультэта і зараз працуе ў міліцыі. Дагэтуль малады спецыяліст год настаўнічала ў Алексініцкай школе.

Праца інспектара па справах непаўналетніх Вользе падабаецца. Прывабліваюць пастаянныя зносіны з новымі людзьмі і магчымасць рэальна дапамагчы «праблемным» дзецям і іх бацькам. За паўгода працы колькасць падлеткаў, якія стаяць на ўліку ў ІСН, значна скарацілася. І ў гэтым заслуга стараннага і абаяльнага інспектара. Хутка, пасля атэс­тацыі, Вольга Хацько апране міліцэйскую форму і стане паўнацэнным інспектарам па справах непаўналетніх Сенненскага РАУС, лейтэнантам міліцыі.

Чаму за год навучыла праца ўчастковага інспектара міліцыі? Яўген Хацько стрымана кажа: «Навучыла размаўляць з людзьмі розных сацыяльных груп. Аднаму варта тлумачыць па-добраму, да другога трэба ставіцца больш цвёрда. На самой справе, праца ўчастковага вельмі складаная. У наш час шмат розных п’яніц, дэбашыраў. Даводзіцца не толькі весці прафілактычныя размовы з імі, але і накіроўваць залежных ад алкаголю на прымусовае лячэнне ў ЛПП».

Праца ўчастковага інспектара патрабуе цесных стасункаў са старэйшынамі вёсак, старшынёй сельвыканкама, супрацоўніцтва з кіраўнікамі прадпрыемстваў на тэрыторыі свайго ўчастка. На ўчастку 5 магазінаў, 43 вёскі і 2500 жыхароў. Сёлета ўчастковым Хацько выяўлена два факты самагонаварэння ў вёсцы Ског.

Да службы ў міліцыі Яўген Хацько атрымаў «корачкі» слесара па рамонце аўтамабіляў, электрыка, вадзіцельскія правы. Паўгода працаваў у абласным цэнтры, затым была служба ў зенітна-ракетных войсках. Пасля арміі ўзнікла жаданне несці службу ў міліцыі. Яўген родам з Бешанковіцкага раёна, і першапачаткова выпускніку Магілёўскага вышэйшага каледжа міліцыі працаваць было няпроста: незнаёмыя мясцовасць і людзі, новая работа. З часам, для прыехаўшага ўслед за каханай дзяўчынай маладога чалавека, Сеннен­шчына стала роднай. «Участ­ковым інспектарам кожнаму міліцыянеру трэба папрацаваць,» — упэўнены Яўген Юр’евіч.

Маладога ўчастковага багушэўцы паважаюць. Поў­насцю адданы сваёй рабоце, Яўген Хацько нагадвае сумленнага лейтэнанта Краў­цова з кінасерыяла «Участак». Такога ж сур’ёзнага, справядлівага і сціплага ўладальніка вялікага і добрага сэрца.

Вольга і Яўген працуюць разам у Багушэўскім ад­дзяленні міліцыі, нават, у адным кабінеце. Служаць пазменна, стараюцца, каб іх графік супадаў, каб быць не толькі дома, а і на рабоце побач адзін ля аднаго. Вольга часта дапамагае мужу ў афармленні розных папер, дакументаў. У выхадныя дні ездзяць да бацькоў. Аб’ядноўвае маладую сям’ю і любоў да спорту. Падабаецца ўдзельнічаць у турзлётах, гуляць у валейбол. Песцяць свайго любімца ката. Абодва мараць аб перспектыўным заўтрашнім дні, прысвечаным служэнню ў органах унутраных спраў. Спадзяёмся, што Сеннен­шчына дапаможа маладым людзям узвесці моцныя сцены ў далейшай міліцэйс­кай кар’еры і шчаслівым сямейным жыцці.

Ірына ГАРБАЧОВА.

Фота аўтара.