Кошт памятага газона

Аўтамабіль для чалавека — даўно не раскоша, а сродак перамяшчэння. І, як дадаюць некаторыя аўтааматары, з гонарам пагладжваючы рукой капот сваёй машыны, у некаторай ступені, візітная картка ўладальніка.

Аднак не заўсёды гэтая візітоўка выстаўляе гаспадара ў прывабным выгля­дзе. Па даных аддзялення ДАІ Сенненскага РАУС, за парушэнне правілаў прыпынку, стаянкі транспартных сродкаў з пачатку года ў раёне аштрафаваны 76 чалавек. Здавалася б дробязь, а вадзіцель атрымлівае адміністрацыйны штраф у памеры сто тысяч рублёў (адна базавая велічыня) і адпаведную адзнаку ў талоне. Як патлумачыў дзярж­аўтаінспектар Аляксандр Лабацкі, калі аўтатранспартны сродак прыпаркаваны на газоне альбо загараджвае праезд спецаўтатранспарту, гэта з’яўляецца падставай для складання пратакола і выпіскі штрафу.

На працягу апошніх трох гадоў карэспандэнты газеты «Голас Сенненшчыны», прадстаўнікі раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і супрацоўнікі АДАІ Сенненскага РАУС рэгулярна арганізуюць сумесныя рэйды. Галоўная мэта, якую ставяць перад сабой прадстаўнікі трох службаў адвучыць аўтааматараў ад грубых парушэнняў правілаў стаянкі.

Зразумела, што машын у горадзе стала значна больш, чым парковачных месцаў. Таму ў час чарговага мерапрыемства прэтэнзіі з боку супрацоўнікаў АДАІ былі толькі да самых злосных парушальнікаў.

Першымі былі правераны вуліцы, дзе летась за няправільную стаянку ўжо выпісвалі штраф. Хацелася ацаніць наколькі дзейснымі аказаліся прынятыя год назад меры. Вынік прыемна здзівіў. Там, дзе коламі аўто раней былі выезджаны дарожкі, сёння радуе вока зялёны газон. Напрыклад, ля домоў №8 па вуліцы Касманаўтаў, №4 к.1 Чырвоны Кастрычнік, паміж дамамі Касманаўтаў, 3 і Назаранкі, 3 і інш. Але ў той жа час здзіўляешся вынаходлівасці нашых людзей: ля дома №8 па Касманаўтаў, зазелянела «старое» месца стаянкі, а ў некалькі метрах ад яго з’явілася новае. У час нашага візіту, спалоханы віноўнік хацеў як мага хутчэй скрыцца. На пытанне, навошта прыпаркаваў у зялёнай зоне машыну, уладальнік толькі паціснуў плячыма, маўляў, я ж толькі на хвілінку, а потым дадаў: «Разумею, што нельга… Сам працую ў ЖКГ, часценька ганяю кіроўцаў за падобныя парушэнні ў іншых дварах…».

І ніхто не ўтойвае: усе ведаюць, што можна і дзе можна, аднак робяць так, як ім зручней. Ставяць пад вокнамі дамоў, альбо насупраць дзвярэй пад’езда, заязджаючы на зялёную зону, альбо на дзіцячую пляцоўку. Галоўнае, гаспадарам добра, астатняе не мае ніякага значэння.

За час нашага патрулявання машын на зялёнай зоне знайсці было няцяжка. Складаней аказалася сітуацыя з пошукам іх уладальнікаў. Убачыўшы праз вакно кватэры людзей у форме побач са сваім аўто, вадзіцелі-парушальнікі, хаваючыся ад штрафу, заставаліся дома.

Навесці парадак у горадзе з паркоўкай лагоднымі метадамі — папярэджваннем, тлумачэннем з боку прадстаўнікоў АДАІ — не атрымліваецца. Чым далей людзі будуць працягваць пакідаць свае машыны на зялёнай зоне, тым складаней будзе адвучыць іх правільна паркавацца, канстатуе Аляксандр Лабацкі. Абудзіць сумленне ў такіх людзей можа толькі адміністрацыйнае пакаранне.

Аднак, як паказаў чарговы рэйд, не ўсіх пужае кошт памятага газона.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Фота аўтара.

Ад рэдакцыі: запрашаем выказацца па тэме тых сенненцаў, што маюць дзяцей, якія вымушаны гуляць пад коламі аўто.