Пачалі за здароўе — скончылі за спачын…

Год беражлівасці павінен навучыць нас многаму. У духоўным плане — берагчы пачуцці і адносіны адзін да аднаго. У матэрыяльным — стаць сапраўднымі гаспадарамі, зрабіць усё, каб наша эканоміка стала больш эфектыўнай. У экалагічным — берагчы прыродныя рэсурсы краіны, ашчад­на выкарыстоўваць тое, што дае нам прырода…

Нядаўні экалагічны рэйд, арганізаваны раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя па раёне, быў звязаны не толькі з кантролем і праверкай стану зон адпачынку, утрыманне звалак і іншых важных у экалагічным плане месцаў. Некалькі заяў ад насельніцтва далі штуршок безадкладна выехаць на месцы здарэння…

Рэйд пачаўся з прыемных уражанняў. Праца работнікаў Обальскага лясніцтва ў зоне адпачынку Дарскія азёры парадавала вока начальніка райінспекцыі Аляксандра Якубовіча. Прыгажосць беларускай прыроды, чысціня, азёрная ціша зачаравалі… А вось наступныя «малюнкі» прымусілі жахнуцца.

Вакол малочнатаварных ферм ААТ «Бяленева» гной ляжыць гадамі. Кіраўніцтва таварыства рэгулярна атрымлівала ад эколагаў адпаведныя прадпісанні. Абяцалі ўсё прыбраць. У гэты візіт убачылі: дзесьці гной вывазіўся, затое паблізу некаторых будынкаў ферм утварылася сапраўднае гноевае возера…

Ля фермы вёскі Калантаёва ледзь не здарылася экалагічная катастрофа. Гной выліўся на прыбярэжную тэрыторыю рачулкі. Па словах мясцовых даярак, такая праблема назіраецца штогод. Пасля ўмяшання інспекцыі хутка былі арганізаваны мера­прыемствы па лік­ві­да­цыі гное­­вых сцёкаў.

Палігоны цвёрдых камунальных адходаў за вёскамі Обаль прывялі ў замяшанне. Аўтама­більныя шыны, ПЭТ-бутэлькі і іншая другасная сыравіна ўжо не змяшчаюцца на спецыяльна адведзеным месцы. Палігон выкарыстоўвае РУП ЖКГ. Сюды ж самастойна вывозяць смецце і мясцовыя жыхары. Хто ператварыў палігон у «смеццевае мора»? Колькі чакаць парадку на звалцы?

Падобныя пытанні ўзнікаюць і на палігоне ТКА непадалёк ад аграгарадка Сту­дзёнка. «Палігон першапачаткова размясцілі няпра­вільна, — каменціруе Аляксандр Якубовіч. — З дарогі ў дастаткова глыбокі роў вельмі складана выкідваць смецце. Таму, канешне, людзі ідуць простым шляхам: пакідаюць яго ля дарогі і дзе патрапіла…». Да того ж сярод смецця ляжала выкінутая туша цяля…

На жаль, подобныя факты не адзінкавыя. Нядаўна, дапамагаючы адной сельгас­арганізацыі, давялося бачыць здохлых цялят ля ферм вёсак Пурплева, Пасад… Не буду гаварыць аб прычынах па­дзяжу. Гэта тэма для асобнай размовы. Але няўжо нельга ўтылізаваць, закапаць здохлую жывёліну?

Ірына ГАРБАЧОВА.

Фота аўтара.