Гіблае месца рыначнага гандлю

У адным з нумароў «раёнкі» быў змешчаны матэрыял пад загалоўкам «На рынак у гуме». Праблема, што ўзнімалася ў невялікай па памерах нататцы, насамрэч не першы год турбуе і наведвальнікаў і гандляроў Сенненскага рынку. Дастаткова невялікага дажджу, каб праходы паміж павільёнамі ператварыліся ў рэкі. Апошняе, магчыма, і ўтрырую, але, упэўнена, кожнаму давялося перад уваходам на тэрыторыю гандлёвага аб’екта скакаць па дошчачках, каб перабрацца праз вялізныя лужыны.

Залішняя вільгаць прымусіла звярнуцца ў рэдакцыю і мясцовых прадпрымальнікаў. Ніне Ляхавай не пашанцавала больш за ўсіх. Яе павільён размяшчаецца, бадай, у самым гіблым месцы. Нават у сонечны дзень тут мокра. Ад пастаяннай сырасці падлога ў павільёне за 2 гады літаральна згніла і рызыкуе канчаткова праваліцца пад нагамі пакупнікоў.

Абурэнне Ніны Андрэеўны можна зразумець: за прадпрымальніцкія грошы набыты павільён, праведзена асвятленне, наладжаны абагрэў. У малы бізнес укла­дзена не адна тысяча долараў. Своечасова ўносіцца і арэндная плата Сенненскаму райспажыўтаварыству за некалькі метраў рыначнага асфальту. Штомесячны плацеж складае 1 300 000 рублёў. А што ўзамен? Вільгаць, холад і сапсаваная маёмасць! «Для тых, хто гандлюе на «Эвікоме», сума арэнды такая ж, але ўмовы работы не параўнаць», — кажа Ніна Андрэеўна. З прэтэнзіямі спадарыні Ляхавай згаджаюцца і яе калегі. У тым ліку і гаспадары «шчаслівых» павільёнаў, што размясціліся на невялікім узвышшы, дзякуючы чаму вада пад імі не застойваецца. Але ў час дажджоў, асабліва ў восеньскі і вясновы перыяд, яна і тут стварае нямала непрыемнасцей.

Звароты ў райспажыўтаварыства рады не далі. Адказ быў адзін: а што мы зробім? Прыкладна ў такім жа ключы, ужо на рэдакцыйны запыт, адказаў і старшыня праўлення Аляксандр Пуцята: «Не каўшом жа мне ваду вычэрпваць».

Аднак, сітуацыя ўсё ж не безнадзейная. Па словах кіраўніка арганізацыі-арэндадаўцы, яе выправіць ліўнёвая каналізацыя, правесці якую запланавана ў рамках рэканструявання вуліц раённага цэнтра.

Толькі на рамонт Пралетарскай і Пушкіна з раённага бюджэту выдаткавана 5 млрд рублёў. Работы на іх, як маглі заўважыць многія насельнікі горада, ужо пачаліся. Істотна зменіцца і, так званая, прывакзальная плошча: будзе цалкам заменена асвятленне, асфальтавае пакрыццё, з’явяцца малыя формы. Наступнай у чарзе на рамонт — Кастрычніцкая. Праект па ёй зараз распрацоўваецца і, як паведамілі ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы, «ліўнёўка» ў ім прадугледжана. Так што, хочацца спадзявацца, што Ніне Адрэеўне, яе калегам-прадпрымальнікам і нам — звычайным пакупнікам — застаецца нядоўга чакаць абяцанага.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

Фота Алы ЯКАЎЛЕВАЙ.