“Экзатычныя” мадэльеры са Студзёнкі

Другі год у Студзёнкаўскай школе працуе незвычайны тэатр, які прываблівае гледачоў непрывычнымі ў нашым разуменні тэатральнымі пастаноўкамі. Прэзентацыя калекцый цікавага, крэатыўнага адзення — падстава сабрацца, каб ацаніць майстэрства гурткоўцаў тэатра моды «Экзотыка».

Пад кіраўніцтвам Таццяны Подраз, настаўніцы працоўнага навучання, група з дванаццаці дзяўчат вучыцца шыць з тканіны прасцейшыя вырабы, дэкаратыўна аздабляць касцюмы. А яшчэ школьнікі ствараюць творчыя мадэлі з другаснай сыравіны.

Паняцці «тэатр» і «мода» розныя па сваім значэнні, але, нягледзячы на гэта, дзяўчаты змаглі ўспрыняць іх як адно цэлае. «Усе падлеткі ў глыбіні душы, фантазёры, — адзначае Таццяна Пятроўна. — «Экзотыка» дае магчымасць ажыццявіць фантазіі, звязаныя з пашывам адзення. Калі гуртковец бачыць вобраз, стварыць мадэль — справа тэхнікі. Галоўнае, каб было жаданне творча працаваць».

Упершыню пра тэатр моды са Студзёнкаўскай школы загаварылі пасля раённага фестывалю «Ранішняя зорка-2012». Калекцыя «У ноч перад Калядамі», прадстаўленая работамі «Анёл», «Алі­са ў краіне Цудаў», «Загадкавая фея», заняла 2-е месца.

У гэтым годзе на раённым фестывалі дзіцячай творчасці на суд журы гурткоўцы паднеслі калекцыю «Папяровы бум». Каб дапамагчы дзяўчатам з матэрыялам — назбіраць паперы — у школе была нават аб’яўлена акцыя «Эканомім разам з краінай», якую падтрымалі і дзеці, і настаўнікі. Цэлых паўгода дзяўчаты рыхтавалі свае мадэлі: кроілі гарсэты, клеілі спадніцы, вучыліся дэфіляваць на сцэне. Хоць работ і было ўсяго шэсць, але над іх стварэннем трэба было папрацаваць, каб дастойна прадставіць сваю ўстанову адукацыі ў конкурсе.

У выніку «Экзотыка» змагла захаваць пазіцыі мінулага года. На гэтым дзяўчаты не спыніліся. Яны павялічылі колькасць мадэляў да дванаццаці і прадставілі раён на абласным фестывалі «Экалогія. Прырода. Жыццё», які прайшоў у сакавіку ў Віцебску. Па выніках яго тэатр моды Студзёнкаўскай школы ўвайшоў у тройку лепшых, атрымаўшы дыплом трэцяй ступені. Для пачынаючых мадэльераў гэта неблагі вынік.

Калі прыкласці намаганні, любая мара можа збыцца, упэўнены гурткоўцы. І ўжо сёння яны рыхтуюць новую калекцыю да ўдзелу ў раённым фестывалі «Ранішняя зорка-2014», каб абавязкова стаць першымі.

Магчыма, многія з іх у будучым не звяжуць сваё жыццё з індустрыяй моды, альбо лёгкай прамысловасцю, аднак веды, атрыманыя на занятках, пасадзейнічаюць фарміраванню мастацкага густу, вобразнага мыслення і выхаванню творчай, неардынарнай асобы.

Ала ЯКАЎЛЕВА.