Экзаменавала “Зарніца”

У восьмы раз спартыўныя і творчыя дзеці і падлеткі, вучні сярэдніх і базавых школ Сенненшчыны паказалі сябе ў ваенна-спартыўнай гульні «Зарніца». Сёлета яна была прымеркавана да 68-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Цёплым майскім ранкам парк 40-годдзя Перамогі расчыніў свае вароты для ўдзельнікаў «Зарніцы» і яе гасцей. Спаборніцтвы распачаліся з агульнага пастраення каманд. Падцягнутых удзельнікаў гульні вітаў ваенны камісар Сенненскага ваеннага камісарыята Сяргей Пінчук. «Зарніца» гартуе, выхоўвае, дысцыплінуе падлеткаў, развівае пачуццё патрыятызму і любові да сваёй Радзімы. Таму нездарма галоўнымі мэтамі і задачамі гульні з’яўляюцца выхаванне маральна-валявых і фі­зічных якасцей, праверка фізічнай падрыхтоўкі дапрызыўнай моладзі, набыццё неабходных навыкаў для бяспекі жыццяздольнасці, прыцягненне дзяцей і падлеткаў да рэгулярных заняткаў спортам.

«Зарніца» складалася з некалькіх конкурсаў: строю і песні, марша-кідка з перашкодамі (транспарціроўка пацярпелага, стральба з пнеўматычнай вінтоўкі, пераправа па бервяне, «мышалоўка», «кочкі», кіданне гранаты, фарсіраванне броду), «Старонкі гісторыі Айчыны», медыка-санітарная падрыхтоўка, на лепшы баявы лісток «Зарнічныя будні» і мастацкай сама­дзейнасці. Зла­­джанасць, высокі ўзровень фі­зіч­най і інтэлектуальнай падрых­таванасці, артыстызм дэманстравалі ўсе 17 каманд школ раёна. Перажывалі за сваіх вучняў і настаўнікі, якія іх рыхтавалі.

Кожны конкурс меў сваіх пераможцаў. Аднак агульнакамандныя мес­цы ў гульні размеркаваліся наступным чынам: трэцяе — у каманды «Патрыёт» Багушэўскай першай школы, другое — у каманды «На­дзея» Студзёнкаўскай ДССШ, ганаровае першае месца заваявалі выхаванцы Сенненскай другой школы, каманда «Патрыёт». Усе пераможцы былі ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. Паклапаціліся арганізатары гульні і пра «сухпаёк», які стаў прыемным салодкім сюрпрызам для ўсіх удзельнікаў.

Ірына ГАРБАЧОВА.

НА ЗДЫМКАХ: каманда-пераможца «Патрыёт» СШ № 2 г. Сянно; стральба з пнеўматычнай вінтоўкі.

Фота аўтара.