Сенненскай раённай бібліятэцы — 95 гадоў!

Гісторыя.

Гады станаўлення. Калі закрануць гісторыю стварэння бібліятэкі, час аднясе нас у далёкі 1918-ы. У дакументах Віцебскага губернскага і Сенненскага павятовага палітыка-асветных камітэтаў за 1 студзеня 1922 года ўказана, што цэнтральная бібліятэка горада Сянно адкрыта ў маі 1918 года. Першай загадчыцай установы была Р.С.Ліфшыц, якая мела сярэднюю адукацыю і з’яўлялася членам РКП(б). У снежні 1918 года ў бібліятэцы было 800 кніг, якія знаходзіліся ў хаатычным беспрадку.

Праз два гады бібліятэчная ўстанова атрымала добрае памяшканне з двума пакоямі. Пры цэнтральнай знаходзілася і дзіцячая бібліятэка, якая аднак працавала самастойна.

У 1922 годзе ў бібліятэцы ўжо налічвалася 8000 кніг, з іх 300 на польскай мове, 150 — на яўрэйскай, 300 — на французскай, і 800 часопісаў. Дарослую і дзіцячую бібліятэкі абслугоўвалі 5 бібліятэкараў і адзін кур’ер.

У 1924 годзе бібліятэка была пераведзена ў Нардом (былы дом ксёндза), загадчыкам якога, а заадно і бібліятэкі, працаваў І.Старыкевіч. Кніжны фонд на той час складаў 12762 экзэмпляры. У бліжэйшых школах былі арганізаваны 18 перасовак. Крыху пазней адкрылася чытальная зала, для якой выпіс­валася 10 камплектаў газет.

У 1936 годзе ў Сянно быў пабудаваны Дом культуры, на другім паверсе якога бібліятэцы выдзелелі  два вялікія пакоі.

Сенненская бібліятэка знаходзілася на добрым рахунку ў вобласці. У Пастанове №193 аргкамітэта Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР па Віцебскай вобласці ад 2 сакавіка 1939 года «Аб стане бібліятэчнай справы па Віцебскай вобласці» адзначалася: «Прыкладам добрай работы могуць служыць Аршанскі, Віцебскі Дамы кнігі, Сенненская раённая бібліятэка, якія арганізоўваюць лекцыі, даклады, выставы».

У час Вялікай Айчыннай вайны кніжны фонд быў поўнасцю разграблены фашыстамі.

Пасля вызвалення раёна ад акупантаў бібліятэка зноў аднавіла сваю дзейнасць. Вялікую арганізацыйную работу па зборы кніг правяла яе загадчыца Зінаіда Есьмен.

У бібліятэчнай установе праводзілася патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення. У практыку  ўвайшлі вечары-сустрэчы са знакамітымі людзьмі. У 1962 годзе гасцямі Сенненскай раённай бібліятэкі былі беларускія пісьменнікі Н.Гілевіч, А.Вялюгін, М.Бялевіч, М.Калачынскі.

Часта праводзіліся сустрэчы з удзельнікамі рэвалюцыі, ветэранамі вайны і працы.пры бібліятэцы сумесна з РДК і райкамам камсамола быў створаны клуб аматараў кнігі «Рамантык». Трыццаць бібліятэк-перасовак набліжалі кнігу да месца жыхарства і месца работы насельніцтва раёна. Актыўна вялася  прапаганда грамадска-палітычнай літаратуры. Калі ў 1946 го­дзе бібліятэка выдала сваім чытачам 147 экземпляраў палітычнай літаратуры, то ў 1967-ым — 7967.

Адным з галоўных напрамкаў работы Сенненскай бібліятэкі з’яўлялася і застаецца  да цяперашняга часу  краязнаўства. Усе наведвальнікі звяртаюць увагу на неардынарны інтэр’ер установы. Тут шмат вырабаў з саломкі і іншых прыродных матэрыялаў. Асаблівы каларыт памяшканням надаюць карціны Васіля Бандарэвіча — знакамітага краязнаўца і мастака.

Калектыў і кіраўнік. Поспех любога калектыву ў асноўным залежыць ад кіраўніка, яго ўмення ўбачыць новае і перадавое, накіраваць калектыў на вырашэнне галоўнай, вызначальнай задачы. У розныя гады Сенненскую раённую бібліятэку ўзначальвалі Зінаіда Камандышка (1946-48), Ганна Хомчанка (1948-50), Тамара Платонава (1972-74), Анастасія Кукшынава (1974-77), На­дзея Шаўлюк (1978-82), Рэгіна Зязюліна (1982-83).

З 1983 года на пасадзе дырэктара Сенненскай ЦБС — Ніна  Паляшчук. Гэта высокакваліфікаваны спецыяліст, які добра ведае бібліятэчную справу, укараняе ў практыку работы інавацыйныя метады. Сенненская ЦБС адной з першых у вобласці (у 1997 годзе) пачала аказваць платныя паслугі.

Па выніках работы ЦБС неаднаразова займала першыя месцы ў вобласці, а кіраўнік узнагароджвалася граматамі ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама, Сенненскага райвыканкама і аддзела культуры.

Сучаснасць.

Аддзел абслугоўвання і інфармацыі — самы галоўны аддзел, які непасрэдна працуе з чытачом. Работа супрацоўніка бібліятэкі — гэта паўсядзённая карпат­лівая работа. Сёння бібліятэкар абавязаны не толькі выдаць чытачу кнігу, але ў дасканаласці валодаць камп’ютарам. Сенненская ЦРБ адна з першай перайшла на абслугоўванне чытачоў у аўтаматызаваным рэжыме.

Сучасны бібліятэкар павінен добра арыентавацца ў сферах эканомікі, філасофіі, псіхалогіі, паліталогіі і інш., каб як мага лепш задаволіць запыты чытача, на належным узроўні правесці масавае мерапрыемства ці пасяджэнне аматарскага аб’яднання. Поўнасцю адпавядаюць усім гэтым патрабаванням загадчыца аддзела абслугоў­вання і інфармацыі Лілія Кулік, бібліёграф Вольга Пракаповіч, бібліятэкары Алена Гардзюк, Вольга Фёдарава, Ніна Ладунец, Іна Кашпар.

У 2004 годзе Сенненскай цэнтральнай раённай бібліятэцы ў намінацыі «Лепшая раённая бібліятэка» абласнога конкурсу бібліятэчных устаноў прысуджана  першая прэмія за высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва.

Усіх чытачоў, аматараў сапраўднай літаратуры аб’яднаў літаратурна-эстэтычны клуб «Наедине». Больш за 20 гадоў пры Сенненскай ЦРБ працуе краязнаўчы клуб  «Спадчына», дэвізам якога з’яўляюцца словы: «З глы­бінь жыватворных святую вадзіцу мы п’ём і не можам напіцца».

З 2008 года ЦРБ працуе па праграме «Мудрасць здаровага ладу жыцця». Для чытачоў арганізоўваюцца сустрэчы з урачамі, круглыя сталы, гутаркі-разважанні, дыялогі-спрэчкі, выставы-напаміны, гадзіны-папярэджанні.

Аддзел маркетынгу і рэкламы займаецца пошукам новых напрамкаў дзейнасці і паслуг, фарміраваннем станоўчага іміджу ўстановы, выконвае ролю каардынуючага цэнтра па інфармацыйна-адпачывальнай і культурна-асветніцкай дзейнасці, рыхтуе яркія, захапляльныя мерапрыемствы, забяспечвае пастаянны рост прафесійнага майстэрства супрацоўнікаў бібліятэкі, знаёміць работнікаў бібліятэкі на семінарах і нарадах з навінамі жыцця вобласці і краіны, займаецца пашырэннем відаў платных паслуг і ўкараненнем іх у практыку, рэкламнай дзейнасцю, выпрацоўваючы сістэму ўзаемадзеяння са сродкамі масавай інфармацыі.

Гэту работу вядуць загадчыца аддзела Таццяна Красноўская, метадыст Галіна Мяцеліца, мастак-афарміцель Наталля Ісачанка.

Калектыў аддзела араганізоўвае конкурсы прафесійнага майстэрства, бенефісы, святы бібліятэкара, семінары, нарады, дэкады, тыдні, публікацыі ў газетах і часопісах, выступленні па радыё, вытворчую вучобу, выезды ў сельскія бібліятэкі для аказання метадычнай і практычнай дапамогі, распрацоўвае метадычныя матэрыялы і сцэнарыі.

Аддзел камплектавання і апрацоўкі літаратуры пачаў працаваць у бібліятэцы з  верасня 1970 года, калі была праведзена цэнтралізацыя бібліятэчнай сістэмы. У той час у аддзеле працавалі 9 чалавек. Узначальвала калектыў Тамара Сапроненка. Асноўнымі задачамі і функцыямі аддзела з’яўляюцца: планаванне камплектавання адзінага фонду ЦБС, вядзенне і рэдагаванне цэнтральнага алфавітнага і ўліковага каталогаў, вывучэнне склада і выкарыстанне кніжнага фонду філіялаў, пераразмеркаванне літаратуры, зверка кніжных фондаў згодна з перспектыўным планам, спісанне старой і састарэлай літаратуры, улік фонду, прыём і перадача новых паступленняў кніг.

З мэтай кіравання камплектаваннем адзінага фонду сістэмы аддзел супрацоўнічае з выдавецтвамі «Мастацкая літаратура», «Беларуская энцыклапедыя», «Вышэйшая школа», «Харвест», «Беларуская навука», «Экзархат» і іншымі.

У аддзеле працуюць бібліятэкары Людміла Семянкова, Ірына Яцкевіч, Марына Марціновіч. Кіраўнік калектыву — Софія Мандрык.

Дзіцячая бібліятэка таксама святкуе ў гэтыя дні 95-годдзе, бо з мая 1918 года і яна пачала сваю дзейнасць як аддзел цэнтральнай біб­ліятэкі. На той час фонд дзіцячай літаратуры складаўся з 1522 экзэмпляраў кніг. Бібліятэку наведваў 451 чытач. Працаваў дзіцячы савет, які аказваў вялікую дапамогу ў рабоце бібліятэкі. У школах арганізоўваліся перасоўкі.

За час акупацыі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны фонд дзіцячай бібліятэкі таксама быў знішчаны.

У 1949 годзе дзіцячая бібліятэка адкрылася асобна ад дарослай. Кніжны фонд налічваў 2220 экзэм­пляраў. Чытачоў было 354 чалавекі. Загадвала ў той час дзіцячай бібліятэкай Галіна Тарасава. У 1970 годзе ўстанова атрымала новае абсталяванне, а ў 1981-ым была пераведзена ў новае памяшканне (былы панскі дом, пабудаваны ў 1915 го­дзе), дзе знаходзіцца і сёння.

У 70-х гадах пры бібліятэцы працаваў клуб аматараў паэзіі «Данка». Яго пася­джэнні арганізоўваліся сумесна з  літаратурным аб’яднаннем «Верасы» раённай газеты «Ленінская іскра» і актывістамі раённага Дома культуры. У 80-х гадах пры бібліятэцы былі створаны клубы «Хачу ўсё ведаць» і «Крывічы».

Адной з важнейшых задач дзіцячай бібліятэкі з самага пачатку дзейнасці і па сённяшні дзень з’яўляецца патрыятычнае выхаванне. Дзейсным сродкам яго з’яўляюцца сустрэчы юных чытачоў з ветэранамі. Штогод у бібліятэцы праходзяць цыклы ўрокаў мужнасці, вечары салдацкай славы, патрыятычныя чытанні.

З 1982 па 2003 год Сенненскую раённую дзіцячую біб­ліятэку ўзначальвала Ніна Зюзькова. З 2003-га да нядаўняга часу яна працавала метадыстам аддзела бібліятэчнага маркетынгу і рэкламы раённай бібліятэкі. За больш як 45 гадоў агульнага працоўнага стажу Ніна Данілаўна неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама і ад­дзела культуры Сенненскага райвыканкама. Яна была ўдастоена ганаровага звання «Жанчына года-99» у намінацыі «Жанчына ў сістэме культуры». У 2001 годзе ўзнагароджана ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за вялікі ўклад у  выхаванне падрастаючага пакалення. Партрэт Н.Д.Зюзьковай быў занесены на раённую Дошку гонару.

У 1996 годзе  пры дзіцячай бібліятэцы быў створаны лялечны тэатр кнігі «Пятрушка», які дзейнічае і сёння. Кіруе самадзейным калектывам бібліятэкар Валянціна Цярэнцьева. Кожны год трупа тэатра прадстаўляе сваім гледачам прэм’еру. «Пятрушка» — часты госць у сацыяльна-педагагічным цэнтры, садках, школах раёна, сельскіх клубах.

На першым абласным свяце лялечных тэатраў «Запрашаем у казку», якое прахо­дзіла ў г. Дуброўна ў 2010 годзе, калектыў артыстаў тэатра быў узнагароджаны дыпломам «За лепшае ва­джэнне лялек». У 2011 годзе тэатру прысвоена званне «народны».

Ужо больш за дзесяць гадоў дзіцячая бібліятэка працуе па праграме «Міласэрнасць» (рэабілітацыя дзяцей-інва­лідаў і арганізацыя іх вольнага часу). Галоўнай падзеяй вясновых канікулаў школь­­нікаў стала правядзенне «Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі».

У 2007 годзе дзіцячая біб­ліятэчная ўстанова пачала працаваць па праграме  «Дарога да храма». Штомесяц праходзяць тут урокі праваслаўя, сустрэчы са святаром, духоўныя гутаркі.

У 2009 годзе Сенненскай раённай дзіцячай бібліятэцы была прысуджана прэмія за высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва ў намінацыі «Лепшая дзіцячая бібліятэка».

Вынікі мінулага го­да. На працягу апошніх гадоў сістэма публічных бібліятэк раёна перажывае змены, якія адпавядаюць агульнай дынаміцы сацыяльных і дэмаграфічных працэсаў, што адбываюцца ў краіне. Так, у сувязі з аптымізацыяй сеткі публічных бібліятэк, звязанай з памяншэннем колькасці сельскага насельніцтва, у раёне назіраецца скарачэнне  бібліятэчных устаноў. У 2012 годзе ў маланаселеных пунктах былі закрыты дзве сельскія бібліятэкі (Вяліка­азярэцкая і Падворыцкая).

Цяпер у раёне працуюць 27 бібліятэк. За мінулы год імі абслужана 17034 чытача (пры плане 17000). Колькасць кнігавыдач склала 345312 экзэмпляраў (пры плане 340000).

Каб задаволіць патрэбы людзей, што пражываюць у сельскай мясцовасці, дзе няма стацыянарнай бібліятэкі, прымяняюцца разнастайныя формы абслугоў­вання: традыцыйныя (пунк­ты выдачы і кніганошы) і новыя (перасоўная бібліятэка). Аўтабібліятэка выязджае па 11 маршрутах і абслугоўвае 49 населеных пунктаў. У час стаянак ажыццяўляецца наглядная прапаганда літаратуры, інфармаванне чытачоў аб кніжных навінках, праводзяцца тэматычныя гутаркі, рэкамендацыйныя агляды літаратуры, інфармаванне аб паслугах, якія аказвае раённая біб­ліятэка.

У мінулым годзе з інфармацыйнымі паведамленнямі і акцыямі работнікі Сенненскай бібліятэкі наведалі ўсе палявыя станы, зернетакі, майстэрні, фермы. У самай чытаючай вёсцы Бяленева праводзілася свята «Пусть свет книги не гаснет в вашем доме» і ўшанаванне лепшых чытачоў.

Згодна з планам, распрацаваным да Году кнігі, раённая бібліятэка правяла шэраг мерапрыемстваў. У Сянне прайшло раённае літаратурнае свята «Яе Вялікасць Кніга». Такое ж мерапрыемства было праведзена і ў Багушэўску. Раённая і дзі­цячая бібліятэкі прынялі ўдзел у свяце, прысвечаным Дню пісьменства і друку ў Глыбокім. Было таксама праведзена раённае свята «Гімн кнізе».

Да 130-годдзя класікаў беларускай літаратуры была падрыхтавана літаратурна-музычная кампазіцыя «Нязгасная зорка Купалы і Коласа». У рамках акцыі «Чытаем кнігі беларускіх пісь­меннікаў» у раённай бібліятэцы прайшлі сустрэча і выстава-прагляд прадукцыі выдавецтва «Беларусь».

Традыцыйным стала правядзенне акцый «Падары бібліятэцы кнігу», «Чытаю я. Чытаюць усе мае сябры. Чытай і ты». Актыўны ўдзел работнікі бібліятэкі прынялі ў раённым свяце, прысвечаным 570-годдзю з дня заснавання г.Сянно.

Пры Сенненскай ЦРБ створаны публічны цэнтр прававой інфармацыі, аснашчаны сучаснай камп’ютарнай тэхнікай, якая дазваляе наведвальнікам бясплатна карыстацца прававой інфармацыяй пастаянна аднаўляемай нарматыўна прававой базы даных «Эталон».

Нягледзячы на бурнае развіццё інфармацыйных тэхналогій, друкаваная прадукцыя застаецца запатрабаваным, а часам і адзіным сродкам інфармацыі, які закліканы задавальняць у тым ліку і духоўныя патрэбы лю­дзей. А таму бібліятэка адсвяткуе яшчэ не адзін свой юбілей.

Таццяна Буракова.