Камунальнікі таксама абяцаюць

Чатырохкватэрны двухпавярховы дом па вул. Дзяржынскага ў Багушэўску пабудаваны яшчэ ў канцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Да гэтага часу ў ім няма ніякіх камунальных зручнасцей. Дом знаходзіцца ў некалькіх дзясятках метраў ад чыгункі і яшчэ нядаўна стаяў на балансе Беларускай чыгункі, дакладней, ЖРЭУ № 30 Дыстанцыі грамадзянскіх збудаванняў Віцебскага ад­дзялення. У 2011 годзе ў ім быў, нарэшце, зроблены капітальны рамонт.

Наталля Сініцына, якая жыве ў кватэры № 2, не хавае — калі пачаліся работы, жыхары дома радаваліся як дзеці: «Аконныя рамы ў доме згнілі настолькі, што мы баяліся, каб шыбы не пасыпаліся ў час руху цягнікоў».

У падсвядомасці цеплілася спадзяванне, што ў доме ўстановяць пластыкавыя шклопакеты, што засцеражэ жыхароў ад шуму. Ды толькі спадзяванне аказалася марным. Рамы паставілі зноў драўляныя. Ды яшчэ са шматлікімі недаробкамі будаўнікоў. У кватэры, дзе жыве Наталля Дзмітрыеўна, да гэтага часу не адчыняюцца аконныя рамы, дзверы на балкон. Напісалі калектыўную скаргу ў Віцебскае аддзяленне Беларускай чыгункі, звярнуліся ў газету «Віцьбічы». І хутка атрымалі адказ, у якім, у прыватнасці, прызнаваліся недаробкі будаўнікоў і выказвалася імк­ненне: «пры наступленні плюсавых тэмператур знешняга паветра будзе выканана падгонка аконных і дзвярных (балконных) блокаў.» Зноў сталі чакаць. А хутка высветлілася, што БЧ перадала сваё жыллё ў Багушэўску на баланс Сенненскага РУП ЖКГ. Навіна ўстрывожыла Наталлю Сініцыну, і яна звярнулася ў Багушэўскі  ўчастак камунгаса, дзе ёй безапеляцыйна заявілі — раз у доме  быў праведзены капітальны рамонт, ніякія прэтэнзіі ад жыхароў прымацца не будуць. Пасля пачутага жанчына ў роспачы кінулася тэлефанаваць, у тым ліку ў аблвыканкам, у рэдакцыю нашага выдання. Па яе просьбе мы звярнуліся ў РУП ЖКГ за тлумачэннем.

Як паведаміў дырэктар прадпрыемства Васіль Кіш­ковіч, дамы Беларускай чыгункі сапраўды прыняты на баланс. Ёсць дамоўленасць, што чыгунка пералічыць грошы на ліквідацыю недахопаў, выяўленых пры перадачы жылля. Праўда, удакладніў кіраўнік, грошы яшчэ на рахунак камунальнікаў не паступалі. Тым не менш, ён запэўніў, што ў бліжэйшы час спецыялісты Багушэўскага ўчастка РУП ЖКГ пабываюць у кватэры Наталлі Сініцынай, каб выправіць хібы чыгуначнікаў.

Наш кар.