Сузор’е сямейных талентаў

Фестываль сямейнай творчасці «Яе вялікасць сям’я», які прайшоў у Міжнародны дзень сям’і ў зале раённага Дома культуры, сабраў тых,   хто ўмее ператвараць ідэі ў жыццё. Яркаму мерапрыемству ўсяго трэці год, але ўжо сёння можна гаварыць, што з кожным новым правядзеннем яно набірае абароты, карыстаецца папулярнасцю ў сенненцаў.

Фэст арганізуецца з мэтай  узмацнення інстытута сям’і і прапаганды сямейных каштоўнасцей. Таленавітая сям’я — аснова грамадства, таму пад­трымка і развіццё традыцый сямейнай творчасці садзейнічае павышэнню статуса сям’і, умацаванню яе духоўных і маральных якасцей.

Свята традыцыйна ўключае ў сябе выставу вырабаў, зробленых сваімі рукамі, музычныя прэзентацыі сямейных калектываў і, безумоўна, ушанаванне лепшых з уручэннем узнагарод.

У гэтым годзе выступленні сямей ацэньвала сур’ёзнае журы, у склад якога ўваходзілі Сяргей Пінчук, ваенны камісар Сенненскага раённага ваеннага камісарыята, Таццяна Гарнак, дырэктар цэнтра банкаўскіх паслуг № 218 г.Сянно, Тамара Смірнова, дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання, і Алена Мяцеліца, галоўны спецыяліст па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва раёна. У якасці шаноўных гасцей на мерапрыемстве прысутнічала сям’я Бабіч — Арцём і Адэля з дачушкай Русланай і двума сынамі Эльдарам і Цімурам. У гэтым годзе яны сталі пераможцамі рэгіянальнага этапа абласнога конкурсу «Лепшая шматдзетная сям’я-2013».

Сёлета чатыры сям’і выказалі жаданне прадэманстраваць свой творчы патэнцыял. Сянно прадстаўляла сям’я Красноўскіх, выступаць за аграгарадок Машканы вырашылі адразу дзве сям’і — Лабацкіх і Аляксеевых, паказаць свой дружны саюз з аг.Студзёнка прыехала маладая пара Казловых з сынком Раманам.

Фестываль праводзіўся ў трох намінацыях: «Нашы ручкі залатыя» (выстава работ, зробленых сваімі рукамі), «Добры дзень — гэта мы» (сцэнічнае майстэрства), «Вуснамі дзіцяці» (інтэлектуальны конкурс).

Калі чалавек таленавіты, то ён таленавіты ва ўсім. У гэтым змаглі пераканацца госці фестывалю, разглядаючы выставу «Нашы ручкі залатыя». Намінацыя прадугледжвала прэзентацыю вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У гэтым го­дзе канкурсанты пашырылі яе змест, унеслі невялічкія карэктывы. Тут былі і драўляныя вырабы, і смачная выпечка, і дзіцячыя малюнкі, і ўзнагароды за спартыўныя дасягненні і многае іншае. У экспазіцыі прысутнічала нават сушаная рыба. Як высветлілася, рыбалка — любімы занятак главы сямейства Лабацкіх. Тонкай, карпатлівай працай — пашытым сваімі рукамі адзеннем для лялек — уразілі Красноўскія.

На працягу ўсіх конкурсаў удзельнікі фестывалю паказвалі сваю крэатыўнасць, непаўторнасць, праяўлялі вынаходлівасць, арыгінальнасць пры падачы нумароў. Выступленні хоць і  адрозніваліся, але ўсе яны былі прасякнуты тэмай любові — пачуцця, на якім трымаюцца сем’і. Не маглі застацца абыякавымі члены журы, праглядаючы падчас фота-прэзентацыі сямейныя альбомы.  Дабрынёй, шчырасцю адносін веяла з фотаздымкаў.

Па выніках выступленняў у кожнай намінацыі была названа лепшая сям’я. У намінацыі «Вуснамі дзіцяці» перамаглі Казловы, у візітоўцы «Добры дзень — гэта мы» адзначаны Лабацкія. Самымі ўмелымі сярод майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва названы Красноўскія. Лаурэатамі фестывалю сталі Аляксеевы. Арганізатары мерапрыемства — аддзел культуры райвыканкама разам з ад­дзелам па справах моладзі — уручылі ўсім удзельнікам дыпломы і каштоўныя падарункі.

Закончыўся фестываль музычнай праграмай. Свае выступленні ўсім прысутным прысвяцілі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці: Валянціна Бельская, Аляксандр Васілёнак, Браніслава Жаўтабрухава, Вольга Берашэвіч, Міхаіл Насоўскі, Галіна Хурко, Сабіна Кавалёва. Асобна хочацца адзначыць нумар «Раз ладошка, два ладошка» маленькіх артыстаў з танцавальнай дашкольнай групы Сенненскай дзіцячай школы мастацтваў (кіраўнік Анастасія Галынчык).

Падрыхтавалі і правялі мерапрыемства спецыялісты раённага аргані­зацыйнага метадычнага цэнтра аддзела культуры райвыканкама.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *