Лёс падарыў вёску

Лёс Таццяны Бянько, загадчыцы цэнтральнага склада ААТ «Літусава», крута мяняўся два разы. Першы, — калі яна, ураджэнка сталіцы, пераехала разам з маці ў вёску. Другі, — калі работу ў гандлі змяніла на сельскагаспадарчую.

«Калі малодшаму сыну споўнілася паўтара гады і я была яшчэ ў дэкрэтным водпуску, наш старшыня Міхаіл  Каўрыжэнка папрасіў прыняць склад. Зга­дзілася, і ў магазін ужо больш не вярнулася,»— расказала Таццяна Мікалаеўна.

Спачатку працаваць было вельмі складана. Мала таго, што даводзілася асвойваць новую, незнаёмую справу, дык яшчэ аказалася, што ўлетку трэба сумяшчаць, разам з асноўнай, пасады кладаўшчыка і брыгадзіра. Нярэдка даводзіцца выходзіць і ў начную змену. А ў пасяўную рабочы дзень загадчыцы склада  пачынаецца з шасці раніцы: выдае зерне, ядахімікаты, сочыць за пратручваннем, за сарціроўкай бульбы… Нават зарплату сваім падначаленым налічвае сама.

Але не скардзіцца Таццяна Мікалаеўна на свой лёс, не наракае, што не падараваў ёй сталічнае жыццё. Пятнаццаць гадоў старанна працуе на адказнай пасадзе. Ад кіраўніцтва сельгаставарыства і  правяраючых з раёна за сваю работу атрымлівае толькі падзякі.

І ў сям’і жанчыны таксама ўсё добра. Муж, Аляксандр Бянько, працуе галоўным аграномам ААТ «Літусава». Старэйшы сын Андрэй — будучы інжынер —  скончыў першы курс Горацкай сельгасакадэміі. Малодшы, Міхаіл, — дзесяцікласнік Яноўскай школы.

А калі ўсё ладзіцца і ў сям’і, і на рабоце, дык гэта, напэўна, і ёсць тое шчасце, якое патрэбна чалавеку.

Таццяна Буракова.

На здымку: загадчыца склада ААТ «Літусава» Таццяна Бянько.

Фота аўтара.