Майскі зарапад

Традыцыйна ў міжнародны Дзень сям’і на Сенненшчыне ўшаноўвалі пераможцаў школьных алімпіяд, фестывалю дзіцячай творчасці «Ранішняя зорка», спартыўных спаборніцтваў. Зала раённага Дома культуры была запоўнена хлопчыкамі і дзяўчынкамі, якія на працягу 2012-2013 навучальнага года выдатна праявілі сябе ў вучобе, творчасці і спорце. Менавіта для іх дарослыя падрыхтавалі свята-ўшанаванне «Дзеці — гонар сям’і і краіны».

Падтрымаць юных зорачак прыйшлі іх бацькі, настаўнікі, а таксама кіраўніцтва раёна. У прыватнасці, намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна. Аб тым, што на Сенненшчыне на самым высокім узроўні надаецца вялікая ўвага маладым талентам, сведчаць грашовыя прэміі, якія за свае поспехі атрымалі тыя, хто дайшоў да вышэйшай ступені п’едэстала. У «Залатым запасе» адзінаццацікласніца СШ №2 г.Сянно Вікторыя Падалінская — пераможца ўсіх 4-х этапаў прадметнай алімпіяды па абслугоўваючай працы, Кацярына Шастоўская, навучэнка 11 класа Багушэўскай СШ №2, — пераможца абласной алімпіяды па грамадазнаўстве. Падзячныя лісты за выхаванне дзяўчынак атрымалі іх маці, Вольга Падалінская і Іна Шастоўская, і настаўнікі — Вольга Шыдлоўская і Наталля Клемянцёнак. Апошнія за належную падрыхтоўку вучняў таксама былі матэрыяльна заахвочаны.

Адзін за другім на сцэну падымаліся прызёры раённых восеньскай і вясновай прадметных алімпіяд. Больш за 80 чалавек былі ўзнагароджаны дыпломамі раённага аддзела адукацыі. Сярод іх нямала вучняў, якія станавіліся лепшымі адразу ў двух, а то і трох прадметах. Не адстаюць ад навучэнцаў старэйшых і сярэдніх класаў самыя маленькія разумнікі — вучні 4-х класаў.

Матэматыка, хімія, біялогія, геаграфія, гісторыя, родная і замежныя мовы — юныя сенненцы праявілі сябе ў кожным з названых прадметаў школьнай праграмы. Да пераможцаў раённай алімпіяды па тэхнічнай і абслугоўваючай працы можна смела адносіць азначэнне «залатыя рукі».

Сенненшчына слаўная сва­імі спартыўнымі традыцыямі. І многія з тых, хто сёння атрымліваў заслужаную ўзнагароду за перамогі на спаборніцтвах раённага, абласнога і рэспубліканскага маштабаў, ужо заўтра стануць спартыўным гонарам Беларусі.

«Ранішняя зорка» адкрыла дарогу ў краіну творчасці многім творча адораным хлопчыкам і дзяўчынкам. За сёлетні, 16 па ліку, фестываль было прадэманстравана 88 выступленняў юных танцораў, спевакоў, мадэльераў. Свае работы прадставілі таксама мастакі і майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Лепшыя ў намінацыях «Вакальная творчасць», «Харэаграфічная творчасць», «Тэатр моды», «Выяўленчае мастацтва», «Дэкаратыўна-прыкладная творчасць»  узнагароджаны дыпломамі. Зоркі фестывалю сваімі выступленнямі ў час свята падарылі прысутным нямала прыемных хвілін.

Шмат цёплых слоў у адрас віноўнікаў урачыстасцяў выказалі многія афіцыйныя асобы. У іх ліку ваенны камі­сар Сяргей Пінчук,  дырэктар ЦБП  №218 філіяла 200 ААТ «АСБ «Беларусбанк» Таццяна Гарнак, начальнікі аддзелаў райвыканкама: ідэалогіі Сяргей Мяцеліца, арганізацыйна-кадравай работы Ала Бельская, па справах моладзі Марына Наваковіч, фізкультуры, спорту і турызму Аляксандр Гар­дзецкі, культуры Ларыса Новікава, унутраных спраў Міхаіл Архіпаў, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Аляксандр Досаў, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Наталля Рыбчанка.

А вось начальніку аддзела адукацыі райвыканкама Людміле Аніськовіч выпала місія адзначыць працу настаўнікаў, якія ўзрасцілі найбольшую колькасць выдатнікаў. Сярод узнагароджаных Ганаровымі граматамі раённага аддзела адукацыі А.М. Сукорская, С.Л.Румо, І.В.Зіньковіч, С.А.Храпавіцкая, І.А.Шумкова, Т.А.Кана­шчанка, А.М.Ермакова, Т.Л.Саўлевіч, Л.К.Зайко, В.В.Вайцешак, А.І.Кучынская, А.Г.Сапежка, А.А.Чаранкевіч, І.Л.Ігнатава, Т.П.Каранеўская, спецыялісты раённага цэнтра дзяцей і моладзі Г.М.Жаркова і А.А.Таненя.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

На здымках: Сяргей Мяцеліца ўручае дыплом вучаніцы 11 класа Багушэўскай СШ №2, прызёрцы раённай алімпіяды па біялогіі Наталлі Пуцыла; адказнае слова ад узнагароджаных настаўнікаў мае Ала Ермакова — настаўніца беларускай мовы і літаратуры Какоўчынскай ДССШ.