У добры шлях, прызыўнік-2013!

Для Сенненшчыны стала добрай традыцыяй два разы ў год урачыста праводзіць Дзень прызыўніка. Вось і сёлетняй вясной на Камсамольскай плошчы райцэнтра больш чым 30 будучым салдатам былі ўручаны павесткі на тэрміновую службу ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь.

Вучні СШ№2 г.Сянно, Пётр Труханенка і Анастасія Мяцеліца, распачалі ўрачысты мітынг. Лірычную хвалю працягнула намеснік старшыні райвыканкама, старшыня прызыўной камісіі Зоя Фаміна, якая, падбадзёрваючы прызыўнікоў, пажадала ім поспехаў у службе. «Вас, маладых і таленавітых, заўсёды будзе чакаць Сенненшчына. Мы спадзяёмся, што калі вы вернецеся дамоў, то будзеце працаваць, тварыць на карысць нашага раёна і яго жыхароў». Разам з Аляксандрам Казловым, начальнікам групы тэрытарыяльнай абароны райваенкамата, уручыла павесткі.

Свае хваляванні не хаваў Уладзімір Гардзюк, бацька навабранца Івана Гардзюка. Хлопец ідзе служыць у Полацкі пагранатрад. Уладзімір Аркадзевіч даў бацькоўскі наказ усім будучым абаронцам.

Прысутнічаў на свяце і прадстаўнік ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс» Сяргей Пагарэльскі, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце, які ўручыў каштоўныя падарункі двум былым працаўнікам таварыства. З адказным словам ад усіх навабранцаў выступіў Алег Зарубіцкі.

Напрыканцы мітынгу прачытаў малітву і блаславіў сенненцаў на добрую службу іерэй Свята-Мікалаеўскага храма Дзімітрый.

У добры шлях, прызыўнікі-2013!

P.S. Адпраўленні ў вайсковыя часці рэспублікі ўжо пачаліся. Месцам службы першай партыі навабранцаў стануць 103-яя гвардзейская асобная мабільная брыгада ВЧ 52 287 г.Віцебска і 19-ая асобная механізаваная брыгада ВЧ 71 327, якая дыслацыруецца ў населеным пунк­це Заслонава Лепельскага раёна. Гэтыя прызыўнікі — адны з лепшых па групе прыгоднасці.

Наступныя адпраўленні адбудуцца 22 і 28 мая.

Ірына ГАРБАЧОВА.

НА ЗДЫМКУ: З. Фаміна ўручае павестку С. Стайнову.