У “Ноч музеяў” раённы музей запрашае сенненцаў на “Этнаграфічны марафон”

«Ноч музеяў» — ініцыяваная супрацоўнікамі парыжскага Луўра ў 1991 годзе акцыя па прыцягненні ў музейныя залы гледачоў —  у Беларусі пройдзе ўжо ў дзявяты раз.

 Сенненскі гісторыка-краязнаўчы музей далучаецца да міжнароднай акцыі ў трэці раз, і кожны раз яе тэматыка была розная. Сёлета, 17 мая з 17.30 да 23.00, жыхароў і гасцей горада чакае «Этнаграфічны марафон».

 Ва ўмовах наступу масавай культуры ўсё большае значэнне, як надзейны гарант захавання ідэнтычнасці і самабытнасці народа, набывае нацыянальная культура і этнаграфічная спадчына. Трэба толькі шукаць тыя формы далучэння насельніцтва і непасрэдна моладзі да культурнага вопыту продкаў, якія б знаходзілі эмацыянальны водгук у душах і абуджалі цікавасць. У скарбніцы народнай мудрасці варта знаходзіць адпаведныя часу і сучасным патрабаванням духоўныя каштоўнасці, што паспрыяюць у фарміраванні сучаснага чалавека як асобы, грамадзяніна і патрыёта сваёй Бацькаўшчыны.

 На сённяшні дзень у Сенненскім гісторыка-краязнаўчым музеі працуюць выставы «Этнаграфія і побыт Сенненшчыны», «Вясновы капеж» (вырабы ДПМ удзельнікаў клуба народных майстроў «Натхненне») — таму мы яшчэ раз прапануем звярнуцца да этнаграфічнай тэматыкі, звярнуць увагу на захаванне, распаўсюджванне і перадачу з пакалення ў пакаленне культурнай спадчыны. У Год беражлівасці гэта тэма гучыць асабліва актуальна. Бо не толькі матэрыяльныя рэсурсы павінны мы берагчы, але і духоўнае багацце нацыі, якое засталося нам ад продкаў.

 Наведвальнікі нашага музея ў гэтую «ноч» будуць мець магчымасць:

— пазнаёміцца з выставамі «Этнаграфія і побыт Сеннен­шчыны», «Вясновы капеж»;

— даведацца, як працавалі і праводзілі свой вольны час нашы продкі;

— паспрабаваць свае сілы ў беларускіх старадаўніх рамёствах і народных скоках;

— акунуцца ў атмасферу непаўторнага музейнага жыцця.

 Усіх жадаючых чакаем у Сенненскім гісторыка-краязнаўчым музеі 17 мая ў 17.30. Уваходным білетам можа стаць удзел у акцыі «Падары музею прадмет XX стагоддзя».  Падораныя рэчы стануць часткай экспазіцыі ў рамках «Этнаграфічнага марафону».

 Без павагі да гістарычнага  мінулага няма акрэсленай будучыні.  Глыбокае веданне сваіх каранёў, павага да спадчыны, якая засталася нам ад продкаў, спрыяюць умацаванню нацыянальнай ідэнтыфікацыі і самааднаўленню нацыі. Паважаныя сенненцы, давайце ў год Беражлівасці знаходзіць у скарбніцы народнай мудрасці духоўныя каштоўнасці, зберагаць іх і перадаваць новым пакаленням.

Ганна ЦІМАШЭНКА,

старшы навуковы супрацоўнік Сенненскага гісторыка-краязнаўчага музея.