Жыццё, падоранае прадчуваннем

Невялікая вёсачка Навасёлкі Ходцаўскага сельсавета. Больш 20 гадоў беларуская зямля з’яўляецца роднай для ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Міхаіла Міхайлавіча Куліша. Ён памятае  тыя незабыўныя і дагэтуль яшчэ балючыя дні…

У 1924 годзе ў сяле Выслаўка Саратаўскай вобласці (Расія) у простай сялянскай сям’і, у якой было чацвёра дзяцей, з’явіўся на свет хлопчык Міхаіл. А хутка па сямейных абставінах бацька пераехаў у Кіргізскую ССР. Праз некаторы час туды перабраліся ўсе астатнія члены сям’і. Маці працавала ў калгасе на бураках, дапамагалі ёй дзеці. Бацька, якога пазней назначылі аграномам, даглядаў участак па перапрацоўцы канаплі і кінафа. З іх выраблялі тэкстыль. Ветэран і сёння памятае тэхніку вырошчвання гэтых раслін, як рэзалі іх сярпамі і арокамі, вазілі на арбах (брычках), як дзецьмі елі насенне гэтых культур, а пасля ўсіх так хіліла ў сон.

 Вайна разлучыла Міхаіла са старэйшым братам Аляксандрам, якога у першыя дні вайны забралі на фронт. Тая апошняя горкая хвіліна растання ў яго памяці і цяпер. «Шура быў вельмі добрым, моцным, я ў параўнанні з ім слабейшы,» — праз слёзы ўспамінае Міхаіл Куліш. Аляксандр прапаў без вестак у баях каля Калініна(Істра). Дазналіся пра гэта ад яго саслужыўца Мікалая, які даслаў бацькам ліст. Аднак, да цяперашняга часу ветэран не можа супакоіцца, што не даведаліся ні адраса, ні прозвішча таго чалавека, ні месца, дзе магла быць магіла брата. Смерць старэйшага сына для сям’і Куліш стала сапраўднай трагедыяй.

28 жніўня 1942 года Міхаіла забіраюць у Фрунзенскае ваеннае пяхотнае вучылішча. Паўгода вучылі будучых пехацінцаў азам ваеннай навукі. Здавалася, пагоны лейтэнанта вось-вось з’явяцца на плячах. Але апошні экзамен яны так і не паспелі здаць… Жаўтаротых курсантаў адправілі на перадавую…

 Пасадзілі ў вагоны. Далей была чарада малюнкаў чыгуначных ветак, прыдарожных гарадоў: Лугавая — Алма-Ата. На апошняй станцыі да саставу «прычапілі» эвакуяванае пяхотнае вучылішча з Тамбова. Аягус — Навасібірск. Цягнік ледзь цягнуў 46 нагружаных людзьмі вагонаў. Нарэшце, прыбылі ў Рузаеўку (І Украінскі фронт), потым была Пенза. Непадалёку ішлі баі за Сталінград. Пра стан спраў на фронце можна было меркаваць па песні, што салдаты чулі ў Рузаеўцы: «Потеряла я колечко, а в колечке 22 дивизии…»

 Пачынаў Міхаіл Куліш з пяхоты, потым патрапіў у 1-ую артбрыгаду (296 артполк, 3-яя артдывізія) рэзерву галоўнага камандавання. Пасля баёў за Бранск назначылі камандзірам аддзялення радыёвяшчання. Рацыя важыла 20 кг, на перадавой паспрабуй яе пацягаць. У дапамогу Міхаілу Міхайлаві­чу, які сам радыраваў,  прызначалі дваіх радыстаў. Пазыўныя і сёння ў памяці ветэрана…

 На фронце сяржант Куліш запамінаў сістэму нямецкага агню, заўсёды быў на пагатове, ноччу амаль ніколі не спаў, вывучаў мясцовасць, запамінаў месцы, якія на выпадак маглі стаць сховішчамі.

 Хадзілі ў разведку боем. Бралі «языка». Аднойчы, дзякуючы прадчуванню і ўважлівасці, выратаваў сябе і салдат: па залпах мінамётнай устаноўкі разлічыў траекторыю падзення снарада і хутка закамандаваў: «Усе ў траншэі!» Снарад прызямліўся прама ў месца, якое вызначыў сяржант Куліш, месца, дзе некалькі хвілін назад яны снедалі.

  А дзякуючы бяссонніцы Міхаіла Куліша, байцы часці не прапусцілі і знішчылі ворагаў…

  Ішлі на злучэнне з ІІІ Украінскім фронтам. Ноччу нечакана з лесу з’явілася група з 80 немцаў. Яны рухаліся, як высветлілася пазней, у бліжэйшы фальварак.

 — Я сваім як закрычу: «Немцы! Немцы! Агонь! Агонь!» — узбуджана апавядае Міхаіл Міхайлавіч, седзячы на канапе ў сваім доме. — Вось, што такое істэрыка спалоху. Немцы ад нечаканасці то разбягуцца, то зноў злучацца ў кучу. Так і засталіся яны там ляжаць…

 Памятае ветэран і сустрэчу з маршалам Савецкага Саюза Іванам Коневым.

 Фарсіравалі раку Одэр. Калона стаяла, чакала пакуль наладзяць сувязь.  Радысты, безумоўна, пайшлі наперад. Праз некалькі метраў сустрэліся з невядомай савецкай дывізіяй. Падышлі да камандзіра, спыталі: «Вы хто?» Той адхінуў шынэль, а там тры зоркі… Прадставіўся. Скамандаваў, каб ішлі «займаць абарону».

 Імкненне хутчэй і дашчэнту разбіць ворага падштурхнула Міхаіла Куліша на неардынарны ўчынак: пасля ранення не паехаў у шпіталь і праз некалькі дзён вярнуўся ў сваю часць.

 Перамогу, 8 мая 1945 года, сустрэў ля Дрэздэна. Па словах Міхаіла Міхайлавіча, нягледзячы на тое, што немец адступаў, там былі мацнейшыя баі, якія давялося бачыць за вайну. Запомніўся зруйнаваны снарадамі лес — танкам не праехаць. 

 А дагэтуль салдацкія шляхі пралягалі праз Польшчу, Аўстрыю… Суровыя зімнія дні і ночы, адзеравянелыя шынэлі. Вошы — ворагі яшчэ бязлітасней, чым фашысты. Чарада баёў, вакол смерць, агонь…

 Пасля Перамогі служыў у Чэхіі. Вельмі прыгожая краіна, дзе ўсюды красаваліся кветкі, буялі сады, такія нязвыклыя маляўнічыя пейзажы для стомленых, пабачыўшых жудасць і разбурэнні савецкіх салдат.

 За час службы сяржанту Кулішу  Вярхоўным Галоўнакамандуючым, Маршалам Савецкага Саюза, таварышам Сталінам  было аб’яўлена 23 Падзякі. У асабістым спісе старога салдата — удзе­л у вызваленні ўкраінскіх і польскіх гарадоў: Жытоміра, Львова, Сандаміра, Чэнстаховы…; фарсіраванне Одэра; узяцце нямецкіх гарадоў…

 Пасля вайны Міхаілу Кулішу прапаноўвалі працягваць службу ў радах Савецкай арміі, нават накіравалі на вучобу ў ваеннае вучылішча. Аднак, ён вярнуўся да бацькоў у Кіргізію.

 Вучыўся ў будаўнічым вучылішчы ў Алма-Аты. Неўзабаве навучальную ўстанову перавялі ў Севастопаль. Але Міхаіл Куліш не пажадаў зноў далёка ад’язджаць ад родных, а паступіў у Карабантах у тэхнікум харчовай прамысловасці на вячэрняе аддзяленне. паралельна працаваў начальнікам ваеннага ўліковага стала мясцовага ваенкамата. З’явілася свая сям’я, пайшлі дзеці. Больш 30 гадоў Міхаіл Міхайлавіч аддаў Кіргізскаму горна-руднаму камбінату. Актыўна ўдзельнічаў у розных спартыўных спаборніцтвах. У пачатку 90-х гадоў ХХ ст. пераехаў у Беларусь да сваёй дачкі Вольгі. Сёння Вольга Міхайлаўна — старшыня Ходцаўскага сельвыканкама. Размеранае жыццё ветэрана праходзіць ціха і спакойна. Аднак, нярэдка «палыхае» сэрца пры ўспамінах ваенных рэалістычных «кадраў»…

Ірына ГАРБАЧОВА.

Фота аўтара.