Народжаная ў вайну

9 Мая для Маргарыты Мікітаўны Усціновіч самае хвалюючае свята ў жыцці. Калі яна глядзіць у гэты дзень на шчаслівыя твары людзей, пачуццё смутку і адначасова радасці перапаўняе сэрца.

Маргарыту Мікітаўну, наро­джаную роўна праз месяц пасля пачатку Вялікай Айчыннай, вайна, у прамым сэнсе гэтага слова, трымала ў блакадным Ленінгра­дзе.

 Аднак маленькаму чалавечку наканавана было выжыць. Бацьку, Мікіту Васільевічу, які абараняў рубяжы горада, за гады вайны не было магчымасці дапамагчы сям’і. Маці — Ірына Ксенафонцьеўна — адна змагалася за жыццё дачушкі. Дзякуючы хлебным крошкам, якія кожны дзень прыносіла суседка Рыта (між іншым, у гонар яе назвалі дзяўчынку), і выхадзілі немаўля. Іх клалі ў анучку, скручвалі ў выглядзе шарыка і давалі малой у  якасці соскі. Але аднойчы Рыта не прыйшла. Што з ёй здарылася, маці Маргарыты Мікітаўны не даведалася нават пасля вайны…

 Услед за мужам — ваенным мараком — яна з дзецьмі аб’ездзіла ці не ўвесь Савецкі Саюз. Але ў некалі родны Ленінград яны так і не змаглі вярнуцца — горад абуджаў балючыя ўспаміны.

 Лёс прывёў іх на Сеннен­шчыну. Больш за 30 гадоў Маргарыта Мікітаўна ад­працавала галоўным бухгалтарам у аддзяленні Белаграпрамбанка. Нарадзіла і выгадавала дваіх  дзяцей.

 Сёння жанчына з’яўляецца актыўнай удзельніцай хору ветэранаў, у рэпертуар якога ўваходзіць шмат ваенных песень. Заўсёды, з  першымі  акордамі кампазіцыі, перад вачыма Маргарыты Мікітаўны паўстаюць яе бацькі, як сімвал мужнасці і самаахвярнасці народа.

Тэкст і фота

 Алы ЯКАЎЛЕВАЙ.