З гараджанкі — у фермершы

Згадваю час свайго дзяцінства (гадоў так 30 назад), калі ў кожнага вяскоўца ў  хляве абавязкова была карова (а часцей дзве і тры), свінні, куры, іншая жыўнасць. Падсобную гаспадарку трымалі ўсе, акрамя самых апошніх гультаёў.

  Меркаванне, што падаіць карову, накарміць парася, назапасіць сена, узараць зямлю, вельмі проста — памылковае. Спытайце ў любога вяскоўца, і ён раскажа, якая гэта нялёгкая фізічная праца — штодзённа забяспечваць належны догляд за жывёлай.

З таго часу шмат чаго змянілася. Сёння мала хто трымае падсобную гаспадарку: сталыя людзі не маюць сіл, а моладзь, у большасці, — жадання.

 Паліна Хавякова чатыры гады назад (тады маладой жанчыне было 26 гадоў) з сям’ёй пераехала з Віцебска ў вёску Аўчынкава, што ў Студзёнкаўскім сельсавеце, на радзіму бацькоў мужа. Разам са свёкрам заняліся падсобнай гаспадаркай. Да гэтага часу ў Сяргея (мужа Паліны) тут ужо была свая справа. Ён арганізаваў сялянска-фермерскую гаспадарку.

 — Мы хоць нарадзіліся і выраслі ў горадзе, — гаворыць жанчына, — але  вясковы ўклад жыцця нам добра знаёмы. Па-першае, я скончыла Лужаснянскі сельскагаспадарчы каледж па спецыяльнасці заатэхнік, потым зааінжынерны факультэт Акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Па-другое, працяглы час мы з мужам займаліся так званай «камерцыйнай» дзейнасцю. Куплялі жывёлу ў вяскоўцаў, потым мяса рэалізоўвалі на рынку ў Віцебску, — расказала Паліна Хавякова.

 Сваю справу пачалі з малога. Спачатку развялі авечак, набылі адну карову, дзве… Потым іх стала — 17. Даілі са свёкрам уручную, па выхадных сваякі збіраліся на дапамогу. Спраўляцца стала значна лягчэй, калі набылі даільную ўстаноўку.

 Прадбачлівая, настойлівая Паліна Хавякова поўнасцю аддалася ўласнай справе. Менавіта яна займаецца вырашэннем шматлікіх арганізацыйных, вытворчых і фінансавых пытанняў. Але не ўсё атрымліваецца так гладка, як хацелася б. Напрыклад, несвоечасова вы­дзяляецца паша, а дакладней, толькі пасля шматлікіх хаджэнняў па розных інстанцыях. І гэта праблема паўтараецца з года ў год. Вось і сёлета, Хавяковы яшчэ не ведаюць, дзе сваю жывёлу будуць пасвіць. Узнікаюць пытанні і з нарыхтоўкай кармоў. Калі б не фермерская гаспадарка Сяргея, дзе б рыхтавалі сена? Гэта, на думку Сяргея Хавякова, адна з прычын таго, што людзі адмаўляюцца трымаць кароў. Раней, калі не было магчымасці забяспечыць насельніцтва сенам, давалі ўчастак, дапамагалі яго скасіць, а сушыў ужо кожны самастойна. Цяпер участкі для сенакашэння не выдзяляюцца. Мясцовыя сельгаспрадпрыемствы ААТ «Студзёнка» і ААТ «Сінягорскае», сваіх работнікаў забяспечваюць кармамі, а іншыя, хто не працуе ў гаспадарках, лічацца «чужымі». А як жа, напрыклад, пенсіянеры, якія шмат гадоў працавалі на тых жа сельгас­прадпрыемствах? А настаўнікі, медработнікі? Адны вучаць дзяцей, другія клапоцяцца пра здароўе — усе яны ўносяць свой уклад на карысць грамадства.

 Сёння на падворку ў Хавяковых утрымліваецца 35 кароў, 210 аўцаматак, а яшчэ свінаматкі, свінні на адкорме, куры, гусі. Штодня прыватныя вытворцы сельгаспрадукцыі здаюць больш за 200 літраў малака. За 2012 год рэалізавалі 78 тон. Зда­дзенае малако дазваляе мець «капейку». А вось свіней гадаваць стратна. Кошт кармоў  высокі, а закупачныя цэны на мяса нізкія. Знізіць сабекошт прадукцыі дапамагаюць некандыцыйная бульба, фуражнае зерне, што вырошчваюцца на зямлі сялянска-фермерскай гаспадаркі Сяргея Хавякова. За сезон гаспадары рэалізоўваюць каля 400 галоў парасят. Ёсць і пастаянныя пакупнікі. За парасятамі да Хавяковых прыязджаюць не толькі з розных рэгіёнаў Віцебшчыны, а нават і з Рассіі.

 Яшчэ адно праблемнае пытанне — збыт цялят. У раёне не хапае пагалоўя БРЖ, аднак сельгаспрад­прыемствы неахвотна купляюць маладняк, а калі і купляюць, то разлічваюцца за іх  несвоечасова, спасылаючыся на адсутнасць грошай. Вось і прыйшлося шукаць рынак збыту за межамі раёна: за цялятамі, напрыклад, прыязджаюць з ААТ «Александрыйскае» Магілёўскай вобласці.

 Як бачна, Хавяковы вядуць актыўную вытворчую дзейнасць і мяняць у сваім жыцці нічога не збіраюцца. Яны не з тых людзей, якія гатовы пакінуць вёску ў пошуках лягчэйшага хлеба. У іх зусім іншыя прынцыпы. Жыццёвая дарога прывяла іх калісьці ў вёску, і гарадскія жыхары душой прыраслі да сялянскай справы.

 Практыка паказвае, што дзяржаве выгадна развіваць і падтрымліваць асабістыя падсобныя гаспадаркі. Яны ўносяць значны ўклад у вытворчасць прадуктаў харчавання, іх прадукцыя таннейшая, чым у грамадскіх вытворцаў. А заахвоціць селяніна можна, калі прывезці яму на падворак гатовае сена, выдзеліць пашу непадалёк ад населенага пункта, своечасова арганізаваць яе догляд, а галоўнае, не дзяліць вяскоўцаў на працаўнікоў сельгаспрадпрыемства і «некалгаснікаў».

Ларыса

МУКАМОЛАВА.

На здымку: Паліна Хавякова.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *