“Прыходзьце заўтра…” — стыль работы КУПБА “Прэстыж”

Не сакрэт, якасць абслугоўвання ў раённым Доме быту пакідае жадаць лепшага. І справа зусім не ў грубых адносінах персаналу да кліентаў. Працоўная інструкцыя выконваецца, але ж, часам, зусім не на карысць людзям.

 Звярнуўшыся ў Дом быту ў свой абедзенны перапынак, каб падрубіць сукенку, жыхарка горада была здзіўлена, калі пачула, што ў майстроў зараз таксама   абед. Было прапанавана пакінуць заказ. У іншай сітуацыі, магчыма, так і паступіла б жанчына, калі б не патрэбна была кансультацыя спецыяліста.

 Што рабіць людзям, у якіх абедзенны перапынак супадае з абедам майстроў швейнага цэха? На працягу дня схадзіць не атрымліваецца, гэта цягне за сабой парушэнне працоўнай дысцыпліны. Апроч таго, спецыялісты працуюць да 17.00, як і большасць сенненцаў, таму і пасля рабочага дня сэнсу спяшацца ў Дом быту няма.

 Ці яшчэ выпадак. Адстаяўшы ў суботу некалькі хвілін у чарзе да прыёмшчыцы заказаў,  чуеш «зараз спусціцца майстар». Зноў чакаеш, прыслухоўваешся да крокаў з другога паверха, углядаешся ў твары людзей, якія спускаюцца па лесвіцы, каб пачуць «ну…, пакіньце, зробім на наступным тыдні». А ты гатовы заплаціць за тэрміновасць, просіш. Але ўсе на­дзеі пачуць станоўчы адказ, абрывае несуцяшальнае: «Не магу, работы шмат».

 Чаму, калі прыходзіш у прыватнае «міні-атэлье», спецыялісты знаходзяць час і, што самае прыемнае, добрае слова, усмешку для кожнага чалавека?

 Дом быту КУПБА «Прэстыж» — адзіная дзяржаўная кропка абслугоўвання ў горадзе, і, на першы погляд, павінна трымацца за кліента. Але сістэма работы «прыходзьце заўтра» адварочвае людзей ад «бытавікоў», не працуе на прэстыж «Прэстыжу».

 І тут усё зразумела: для кліентаў гэта нязручна.

 Няўжо нельга нейкім чынам падстроіцца да лю­дзей? Скажам, назначыць дзяжурнага майстра, як у абедзенны перапынак, так і пасля рабочага дня. Пачаць працаваць з тэрміновымі заказамі.

 Але гэтыя прапановы пакуль так і застаюцца прапановамі. А сенненцам даводзіцца шукаць іншыя спосабы вырашэння сваёй «швейнай» праблемы. 

Ала ЯКАЎЛЕВА.