Сенненскі музей запрасіў на вячоркі

Мы жывём у свеце, дзе ўсё паступова становіцца аднолькавым, стандартным. На вачах зні­кае традыцыйная культура народаў: звычаі, абрады, пабудовы, касцюмы, песні — усё, што ро­біць нас адметнымі. Каб захаваць, вярнуць з нябыту тое, што можа знік­нуць назаўсёды, у Сенненскім гісторыка-краязнаўчым музеі распрацоўваюцца музейныя ўрокі, накіраваныя на вывучэнне і зберажэнне гісторыка-культурнай спадчыны нашай Сенненшчыны.

 Нядаўна на адным з такіх урокаў, які быў праведзены ў форме фальклорнага свята «Запрашаем на вячоркі!», пабывалі вучні СШ №1 г.Сянно, удзельнікі краязнаўчага гуртка «Спадчына». Кіруе ім  настаўніца Людміла Рыгораўна Хадыка. Дарэчы, гэта не першы музейны ўрок, які наведалі юныя краязнаўцы.

 Сустрэлі гасцей і запрасілі ў «хату», дзе праходзілі вячоркі, «Гаспадыня» і яе «Дачка» (супрацоўніцы музея). Яны ж распачалі гаворку пра гісторыю гэтага звычаю, які дайшоў да нас з глыбокай даўніны.

 Беларускія вясковыя дзяўчаты збіраліся асеннімі і зімовымі вечарамі з работай (найчасцей пралі) у адной хаце. Таму вячоркі яшчэ называлі супрадкамі. Спачатку хату адводзілі менавіта для работы за прасніцамі. Але паступова сталі збірацца там, дзе ў гаспадароў была дачка-нявеста. Каб паглядзець на дзяўчат, а можа і выбраць самую прыгожую і працавітую будучую жонку, сюды прыходзілі і хлопцы. А дзе шмат моладзі, там жарты, смех, забавы. Звычай вячорак захоўваўся ў многіх мясцінах Беларусі яшчэ ў сярэдзіне ХХ стагоддзя.

 Жанчыны рабілі на вячорках для сваіх дзяцей цацкі з нітак, бо не кожны мог купіць іх у краме.

 Дзеці з цікавасцю прынялі ўдзел у вырабе такіх цацак: з дапамогай супрацоўніц музея зрабілі лялечных хлопчыка і дзяўчынку. Спадабалася школьнікам і разгадваць беларускія народныя загадкі: стукае, грукае, а нідзе не відаць; і тонкі, і доўгі, а з травы не відаць; прыйшла чорна маці, усіх паклала спаці; чым больш кручуся, тым больш таўсцею… У час конкурсу «Хто хутчэй?», на свае вочы пабачылі, як клубкі нітак круціліся і таўсцелі, ну зу­сім, як у за­гадцы.

 Знайшлося месца ў музейным уроку і прымаўкам аб працы. Дарэчы, вы­вучыць іх было дамашнім заданнем школьнікаў. Свае прымаўкі прапанавалі і гаспадары: хочаш добра жыць, павінен працу любіць; нічога само не робіцца; гультай — за дзела, мазоль — за цела…

 Завітаў на ўрок і Дамавік з мехам небыліц, накшталт: на павеце куры сена косяць, і грабуць, і ў стагі кладуць. Сваімі небыліцамі, якія з’яўляліся часткай дамашняга задання і  былі падрыхтаваны загадзя, адказалі яму дзеці: была ў дзядзькі свіння, ды на ліпе гняздо звіла, парасятак навяла…

 Потым гасцей музея, запрасілі на выставу этнаграфіі, дзе ў вершаванай форме расказалі, як раней працавалі жанчыны на вёсцы, каб з лёну зрабіць цудоўныя рэчы — ручнікі, сурвэткі, посцілкі, адзенне; як называліся ручнікі ў залежнасці ад іх прызначэння (набожнік, уцірач, трапкач), што азначалі вышыўкі на іх.

 Чаяваннем, карагодам і добрымі пажаданнямі скончыўся ўрок-свята ў музеі. З яго дапамогай дзеці па­глыбілі свае веды пра народныя традыцыі, якія трэба ведаць, каб адрадзіць духоўную культуру нашых продкаў.

 Таццяна Буракова.