Злачынства прасцей папярэдзіць

Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь створаны адносна нядаўна. Аб рабоце новай у сістэме праваахоўных органаў структуры жыхары нашага раёна могуць меркаваць па дзейнасці Сенненскага раённага аддзела, якім кіруе Андрэй Казлоў, падпалкоўнік юстыцыі. Па выніках 2012 года ён стаў «Чалавекам года Віцебшчыны», указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь узнагароджаны медалём «За бездакорную службу».

 — Андрэй Леанідавіч, віншую вас з высокай адзнакай работы. Аднак пагутарыць хацелася б аб дзейнасці службы. Яшчэ нядаўна следчых мела міліцыя, пракуратура, іншыя сілавыя структуры. Сёння ўсе яны аб’яднаны, вобразна кажучы, пад адным дахам…

 — Не, не ўсе. Камітэт дзяржаўнай бяспекі сваё следства захаваў.

 — Для чаго праведзена аб’яднанне? Якую мэту імкнуліся тым самым дасягнуць?

 — Галоўная задача, якая ставілася перад Следчым камітэтам пры стварэнні, — усебаковае, поўнае, аб’ектыўнае і аператыўнае  расследаванне злачынстваў. Карацей кажучы — павышэнне якасці следства.

 — Прайшоў год. можна сказаць, што мэта дасягнута?

 — Я магу выказаць толькі ўласнае, суб’ектыўнае меркаванне — так. За шмат гадоў працы ў следстве РАУС мне ёсць з чым параўнаць. Я ўпэўнены, што якасныя паказчыкі будуць расці. Следчы камітэт усё яшчэ знаходзіцца ў стане фарміравання. У нашым раённым аддзеле, напрыклад, яшчэ непоўнасцю ўкамплектаваны штат супрацоўнікаў, мы не маем асобнага памяшкання.

— Вывад аб павышэнні якасці следства можна пацвердзіць лічбамі, фактамі?

 — Летась у вытворчасці раённага аддзела Следчага камітэта знаходзілася 365 крымінальных спраў. 147 з іх, па якіх расследавана 184 злачынствы, перададзена пракурору для накіравання ў суд. Яшчэ 11 — спынена з прызнаннем складу злачынства, у сувязі з актам амністыі, дзейсным раскаяннем і г.д. Сярэднегадавая нагрузка на следчага склала 40 крымінальных спраў.

 — Ці прыпыняліся крымінальныя справы ў сувязі з недаказаннасцю віны падследнага?

 — Так, такія факты ў практыцы нашага аддзела следчага камітэта ёсць.

 — Якія справы, што давялося летась расследаваць вашым супрацоўнікам, мелі найбольшы грамадскі рэзананс?

 — Перш за ўсё,  гэта забойства маладой дзяўчыны ў вёсцы Беліца, што адбылося ў маі мінула года. Дарэчы, забойца прызнаны бессвядомым (невменяемым) і па рашэнні суда  змешчаны на лячэнне ў псіхіятрычную ўстанову.

 Даволі складаным для следства аказалася справа па ўстанаўленні асобы, якая застрэліла мядзведзя. Разглядалася шмат версій, было шмат падазроных.  У рэшце-рэшт, нам удалося ўстанавіць чалавека, які застрэліў рэдкага звера, за што і панёс крымінальную адказнасць,  дабрахвотна кампенсаваў дзяржаве ўрон у поўным аб,ёме.

 — Андрэй Леанідавіч,  ці выносіліся апраўдальныя прыгаворы па справах, якія вашым аддзелам накіроўваліся ў суд?

  — Не. 

 — Скажыце, злачынствы якой накіраванасці найчасцей даводзіцца расследаваць?

 — Пераважаюць карыслівыя злачынствы — крадзяжы. У 2012 годзе ў час расследавання выяўлены ўрон больш чым на 242 млн рублёў. Дзякуючы своечасовым і поўным мерам ён вернуты на суму больш чым 202 млн рублёў. Больш чым на 206 млн рублёў была адшукана маёмасць абвінавачваных, на яе быў накладзены арышт на выпадак прыняцця судом рашэння аб канфіскацыі. Такім чынам, з улікам арыштаванай маёмасці нанесены злачынствамі ўрон кампенсаваны на 168,8%.

 — Выявіць злачынства, прыцягнуць да адказнасці — гэта толькі паўсправы. Бо, напрыклад, крадзяжы ў сельгас­прадпрыемствах раёна носяць сістэмны характар і даюць падставу для пэўных думак…

 — Па ўсіх крымінальных справах следчымі прымаюцца меры па выяўленні прычын і ўмоў, што садзейнічаюць здзяйсненню злачынстваў. Па выніках іх расследаванняў кіраўнікам прад­прыемстваў, арганізацый унесена 111 прадстаўленняў. Пасля іх разгляду ад займаемай пасады адхілена адна асоба, да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута — 5, матэрыяльнай — 4.

 Тыя кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, якія не прынялі належных мер рэагавання, не ўхілілі недахопы, што былі ўстаноўлены следствам, прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. У прыватнасці, такое пакаранне панеслі кіраўнікі ці іншыя адказныя асобы ААТ «Аўтатранспартнае прадпрыемства №20 г.Сянно», ДЛГУ «Багушэўскі лясгас»,УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава», ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс». Скажу больш, у час следства па карыслівых злачынствах мы праводзім маніторынг захаванасці таварна-матэрыяльных каштоўнасцей. У выніку па шэрагу прадпрыемстваў выяўлены факты безгаспадарчасці.

 На станцыі тэхнічнага абслугоўвання Сенненскага райаграсэрвісу з аўтамабіля МАЗ-55510244, што належыць названай сельгасарганізацыі, былі выкрадзены дэталі рухавіка. Злачынца трапіў у памяшканне праз аконны праём, тэрыторыя вакол будынка ў начны час належным чынам не асвятлялася, не выконваў дакладна свае абавязкі вартаўнік. Усе названыя факты садзейнічалі здзяйсненню крадзяжу.

 — Дзіўная, калі не сказаць больш, сітуацыя — уласнік не клапоціцца пра захаванасць маёмасці. Дзе яшчэ выяўляліся падобныя факты?

 — На зернеачышчальным комплексе вёскі Міцюкова ААТ «Какоўчына» не забяспечылі захаванасць электрарухавіка. Тое ж самае адбылося ў ПМК-64, дзе таксама ўкралі электрарухавік.

 Не магу не сказаць яшчэ пра адзін абуральны факт. У час будаўніцтва ў райцэнтры жылога дома для членаў ЖБПК-14 кіраўніцтва названай вышэй будаўнічай арганізацыі запрасіла на работу раней судзімых асоб з Віцебска. Пасяліліся яны на будаўнічым аб’екце, адкуль сталі распрадаваць будаўнічыя матэрыялы — уласнасць кааператыва.

 — Аналізуючы факты, аператыўную абстаноўку, вы робіце вывады. Калі не сакрэт, якія тэндэнцыі хвалююць, трывожаць начальніка раённага аддзела Следчага камітэта?

 — Па выніках 2012 года ў раёне застаецца даволі высокі ўзровень злачыннасці  (9,5 злачынства на 10 тыс. насельніцтва). Ён вышэйшы на 0,7% за сярэднеабласны. Вышэй сярэднеабласных паказчыкаў узровень непаўналетняй, рэцэдыўнай, групавой злачыннасці.

 — Няўжо ўсё так дрэнна?

 — Ёсць і станоўчыя тэндэнцыі. Летась на 22% знізіўся ўзровень злачыннасці, а па лініі крымінальнага вышуку — на 30,4%. Палепшылася раскрываемасць злачынстваў: з 60,2% у 2011 годзе да 62,2% у 2012 годзе. Цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы раскрыты ўсе.

 — Цяпер зразумела чаму Андрэй Казлоў уганараваны званнем «Чалавек года Віцебшчыны», атрымаў дзяржаўную ўзнагароду.

 — У тым, што зменшылася колькасць злачынстваў, што павышаецца раскрываемасць, заслуга не толькі супрацоўнікаў Следчага камітэта. У нас цесныя кантакты з міліцыяй, пракуратурай, судом, органамі ўлады. Важную ролю ў прафілактыцы адыгрываюць сродкі масавай інфармацыі, бо іншы раз нашы людзі, асабліва вяскоўцы, вядуць сябе неабачліва.

 — Рэдакцыя нашага выдання гатова да больш цеснага супрацоўніцтва з раённым аддзелам Следчага камітэта. Для пачатку прапануем заснаваць пастаянную рубрыку, дзе вашы супрацоўнікі маглі б расказваць пра найбольш распаўсюджаныя прыёмы з арсеналу злачынцаў-прафесіяналаў, якімі тыя карыстаюцца, каб рэалізаваць крымінальны замысел.

 — Згодны. Дзякуй за прапанову.

Гутарыў Аляксандр Яўгенаў.