Сенненская дзіцячая школа мастацтваў — кузня талентаў

Сярод іншых працоўных калектываў Сенненшчыны, што занесены сёлета  на раённую Дошку гонару, —  калектыў дзяржаўнай установы адукацыі «Сенненская дзіцячая школа мастацтваў». Гэты гонар педагогі школы, на чале з дырэктарам установы Іванам Смірновым, заслужылі сваёй плённай, выніковай працай.

На двух аддзяленнях школы, музычным (домра, балалайка, цымбалы, гітара, баян, акардэон, скрыпка, фартэпіяна) і харэаграфічным, навучаюцца 204 вучні (16 — у аг. Багданава, 10 — у аг. Нямойта). Вядзе выхаванцаў у свет музыкі і танца 21 настаўнік. Педагогі ўстановы —  сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы. Сем з іх маюць вышэйшую катэгорыю, столькі ж — першую, чатыры — другую. У школе працуюць класы для дзяцей ранняга развіцця, харэаграфічнага мастацтва, інструментальныя.

 Настаўнікі пастаянна праводзяць работу па адборы здольных  дзяцей, выступаючы ў дзіцячых садах і школах з канцэртамі і гутаркамі. Запрашае ДШМ школьнікаў і да сябе на розныя мерапрыемствы. Штогод праводзяцца «Тыдзень музыкі для дзяцей і моладзі» і «Дзень адчыненых дзвярэй».

 Ужо шмат гадоў і выкладчыкі, і вучні школы ўдзельнічаюць у разнастайных конкурсах і фестывалях. Гэтыя выступленні садзейнічаюць самарэалізацыі і самаўдасканальванню настаўнікаў і дзяцей, росту педагагічнага і выканальніцкага майстэрства.

 У мінулым годзе 8 навучэнцаў установы прынялі ўдзел у міжнародным конкурсе выканаўцаў на народных інструментах. Вучаніца педагога Вольгі Букановіч Кацярына Булыня стала лаўрэатам конкурсу. У міжнародным інтэрнэт-конкурсе ў г.Белградзе (Сербія) Каця заняла першае месца. Другой у гэтым конкурсе была яшчэ адна вучаніца Вольгі Букановіч Яна Шаўчэнка. Фіналісткай абласной алімпіяды па музычнай літаратуры стала навучэнка школы Аліна Зіньковіч.

 Ёсць сярод выхаванцаў Сенненскай школы мастацтваў стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

 У школе створаны і пастаянна працуюць дзіцячыя калектывы: хор, узорны аркестр народных інструментаў, ансамбль скрыпачоў, харэаграфічны калектыў. На раённай сцэне сенненскі глядач можа часта бачыць педагагічныя калектывы мастацкай самадзейнасці ДШМ, такія як народны аркестр народных інструментаў, вакальная група «Мелодыка», дуэт баяністаў «Два Іваны». Наогул, школа мастацтваў праводзіць вялікую канцэртную дзейнасць. Педагогі школы спяваюць у народным хоры работнікаў культуры, з’яўляюцца ўдзельнікамі народных ансамблей «Вечарынка» і «Вясёлыя музыкі». Многія настаўнікі дапамагаюць калектывам мастацкай самадзейнасці прадпрыемстваў і арганізацый горада. Школа аказвае паслугі па падборы рэпертуара для самадзейных калетываў.

 Таццяна Буракова.

 

Бацькоўскі прыклад

Партрэты бацькі і сына — Аляксандра і Паўла Распорскіх — з аг.Белая Ліпа сёлета змешчаны на раённай Дошцы гонару.

Аляксандр Распорскі рупіцца вадзіцелем у ААТ «Белая Ліпа».

Усё жыццё прысвяціў ён працы на роднай зямлі. Родам Аляксандр Аркадзевіч з вёскі Сычыкі. Воін-інтэрнацыяналіст. Служыў у пагранвойсках у горадзе Тэрмез (Узбекістан) на мяжы з Афганістанам. За рулём свайго бензавоза неаднаразова дастаўляў вогненебяспечныя грузы на тэрыторыю, дзе ішла вайна. Па вяртанні з арміі застаўся на малой радзіме. Пачынаў трактарыстам. Тут, на Сенненшчыне, пазнаёміўся з прыгожай зямлячкай Людмілай. Ажаніліся, нарадзілі дваіх дзяцей.

 Цікава, але жыццё Аляксандра Аркадзевіча падобнае на лёс яго бацькі, які таксама адпрацаваў шмат гадоў у сельскай гаспадарцы, а яго маці, як Людміла Распорская, — паштальёнам.

 Штогод Аляксандр Распорскі дасягае высокіх паказчыкаў у сваёй справе. Да вытворчых абавязкаў ставіцца добрасумленна, выконвае працу якасна і ў належныя тэрміны. Так, у 2002 годзе Аляксандр Аркадзевіч стаў першым у вобласці на перавозцы зерня. У якасці пераможцы спаборніцтва прысутнічаў на рэспубліканскіх «Дажынках» у Полацку, адкуль вярнуўся з матацыклам. За 2012 год на машыне «МАЗ 555142» перавёз 9546 тон зерня.

 На працы Аляксандр Распорскі — бяспрэчна, аўтарытэт. А дома —дбайны гаспадар. Сям,я мае агарод, трымае свойскую жывёлу. У дыхтоўным вясковым доме Распорскіх заўважаецца мужчынская і жаночая праца, а галоўнае, тут пануюць сямейны лад і згода. Па словах Аляксандра Распорскага, яго сям’я ніколі не гналася за гарадскім жыццём, бо вясковае для іх — такое роднае.

 Павел Распорскі — вучань 11 класа ДУА «Машчонская ДССШ Сенненскага раёна». Занесены на раённую Дошку гонару за высокія спартыўныя дасягненні на раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна. Юнак  з’яўляецца чэмпіёнам вобласці(2012 г.)і прызёрам рэспубліканскіх спаборніцтваў (2013 г.) па летнім шматбор’і «Абаронца Айчыны», чэмпіёнам вобласці па лёгкай атлетыцы ў бегу на кароткія дыстанцыі, трохразовым чэмпіёнам вобласці па валейболе сярод юнакоў, прызёрам абласных спаборніцтваў па настольным тэнісе сярод дзяцей і падлеткаў. Спартыўныя здольнасці юнака заўважылі і на сёлетнім раённым чэмпіянаце па валейболе, дзе Паўла адзначылі Дыпломам у намінацыі «Самы перспектыўны гулец».

 Прыгожы, выхаваны, працалюбівы, дружалюбны хлопец актыўна прымае ўдзел ва ўсіх суботніках, працоўных дэсантах. Любіць тэхні­ку, часта з сябрамі ходзіць на рыбалку. У час летніх канікул рэгулярна аказвае дапамогу ААТ «Белая Ліпа» ва ўборцы ўраджаю. З родным братам Сяргеем дапамагаюць у «гарачы» час і Аляксандру Аркадзевічу. Абодва хлопцы перанялі ад бацькі, бадай, галоўнае — любоў да роднай зямлі…

 Гэты год для Паўла пераломны. Аднак ён ужо абраў для сябе будучую прафесію: збіраецца пайсці па слядах брата, паступаць у ВДУ імя П.М.Машэрава на факультэт фізічнай культуры і спорту.

Ірына ГАРБАЧОВА.