Вучаніцы сенненскіх школ “прымерылі” прафесію выхавацеля

З мэтай прафесійнай арыентацыі ў дзіцячым садзе-яслях №2 г.Сянно прайшла сустрэча з вучнямі 10-11 класаў школ горада.Як падкрэсліла Святлана Новікава, загадчыца дзіцячага сада, прафесія выхавацеля запатрабавана на рынку працы, тым, хто яе атрымае, гарантавана працоўнае месца. Тым больш, што палітыка нашай дзяржавы накіравана на павышэнне сацыяльнага статуса педагога праз павелічэнне заробку, працоўнага адпачынку.

 Знаёмствам са спецыфікай працы ў рознаўзроставых групах сустрэча не скончылася. Для таго, каб больш яскрава раскрыць для сябе спецыяльнасць педагога, гасцям была прадастаўлена магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі выхавацеля. Па­дзяліўшыся на дзве групы, дзяўчаты на некаторы час акунуліся ў «дзетсадаўскае» жыццё. А на практычных занятках вучаніцы праявілі свае творчыя здольнасці ў стварэнні невялікіх кампазіцый з паперы. Бо, як было адзначана, педагог павінен быць усебакова развіты, каб зацікавіць сваіх падапечных.

 З дапамогай педагога-псіхолага ўстановы Марыны Барытка, якая правяла інтэрактыўную гульню, госці змаглі намаляваць славесны партрэт сучаснага выхавацеля. Любоў да дзяцей, высокае пачуццё адказнасці, актыўнасць, арганізатарскія ўласцівасці — бадай, асноўныя якасці, на думку дзяўчат, якімі павінен валодаць сапраўдны педагог.

 Напрыканцы сустрэчы быў прапанаваны фільм-прэзентацыя візітнай карткі сада, які расказаў пра будні ўстановы.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *