У г.п.Багушэўск Сенненскага раёна адкрылася аддзяленне адаптацыі і рэабілітацыі пенсіянераў і інвалідаў Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Узначальвае яго Галіна Секачова, былы педагог, чалавек, які займае актыўную жыццёвую пазі­цыю.

Людзі, якія ідуць на пенсію, нібы выпадаюць з жыцця грамадства. Каб падтрымаць іх, дапамагчы знайсці сябе і з’явілася ідэя адкрыць дадзеную ўстанову. На мерапрыемстве «Жыць у радасць!», што прайшло ў канцы сакавіка ў актавай зале пасвыканкама, супрацоўнікі аддзялення знаёмілі са сваёй працай, планамі на будучыню.

 Падтрымаць багушэўцаў прыехалі Зоя Фаміна, намеснік старшыні райвыканкама, Тамара Смірнова, дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Святлана Языкова, старшыня Сенненскага аддзялення таварыства Беларускага Чырвонага Крыжа. Прынялі ўдзел у мерапрыемстве і Любоў Трубека, старшыня Багушэўскага пасялковага Савета, Вячаслаў Багданаў, загадчык Багушэўскай раённай бальніцы. Усе яны аказалі значную дапамогу ў вырашэнні пытання адкрыцця сацыяльнай установы.

 Падчас свайго выступлення Зоя Сцяпанаўна пажадала наведвальнікам аддзялення ўсяго самага найлепшага і выказала спадзяванне, што яно аб’яднае шмат людзей: «У Год беражлівасці наша ўвага сканцэнтравана не толькі на захаванні матэрыяльных і эканамічных рэсурсаў. Мы павінны клапаціцца і аб тых, хто побач. Старасць чакае кожнага. Якой яна будзе, залежыць ад нас».

 Планаў і цікавых задумак у спецыялістаў аддзялення шмат. Па словах Галіны Секачовай, патрэбен толькі час для іх рэалізацыі. Так, плануецца штомесячна праводзіць адукацыйныя мерапрыемствы. Ужо сёння згодна з пажаданнямі пен­сіянераў распрацаваны тэмы: «Здароўе ў тваіх руках», «Багушэўск: гісторыя і сучаснасць», «Расліны супраць старэння», «Школа журналістыкі». Больш за ўсё людзі прасілі навучыць карыстацца камп’ютарам. І гэта ўлічылі. Хутка пачнуцца заняткі «Карыстальнікі капм’ютара».

 На прэзентацыі аддзялення была арганізавана выстава «Вясёлка настрою», дзе наведвальнікі прадставілі вырабы, зробленыя сваімі рукамі (вышыўка, майстэрства дэкупажу, работы з другаснай сыравіны і многае іншае).

 Установа працуе колькі дзён, але ўжо стала тым месцам, куды спяшаюцца. Як адзначылі жыхары гарпасёлка, тут ёсць магчымасць пагаварыць, падзяліцца сваімі праблемамі, успомніць мінулае ці проста заняцца любімай справай.

 Часова аддзяленне размяшчаецца ў пасялковым Доме культуры, на другім паверсе. У далейшым месцам пастаяннай прапіскі стане вуліца Заслонава, д.1а.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

 НА ЗДЫМКАХ:  знаёміць з выставай спецыяліст аддзялення Галіна Аверчанка; слова трымае Зоя Фаміна, намеснік старшыні райвыканкама; расказвае  пра аддзяленне яго дырэктар  Галіна Секачова .

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *