Без песні не пражыць! У сёмы раз педагогі Сенненшчыны спаборнічаюць у вакальным майстэрстве на фестывалі «Песня застаецца з чалавекам»

Сярод педагогаў шмат таленавітых людзей, таму самадзейныя артысты з кожным годам паказваюць больш высокі ўзровень выканання. Шырыцца і рэпертуар: гучаць шлягеры, народныя, патрыятычныя пес­ні…

  Сёлета ўдзельнікі фестывалю выступалі ў дзвюх асноўных намінацыях: песня на беларускай мове і песня-шлягер. Асобнае конкурснае спаборніцтва было арганізавана для салістаў, харавых калектываў, дуэтаў, трыа, вакальных груп.

 На фестываль прыехалі не толькі яго пастаянныя ўдзель­нікі, такія, як, напрыклад, фальклорная група «Вечарынка» з Алексініцкай сярэдняй школы, але і дэбютанты конкурсу, як Сяргей Гаспаровіч з яслей-сада г.п.Багушэўска.

 У ліку ганаровых гасцей фестывалю былі намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна, начальнікі аддзелаў райвыканкама Людміла Анісь­ковіч і Ларыса Новікава.

 Песняй «В старом классе» адкрыла конкурсную праграму Вольга Глебава, дэфектолаг яслей-сада №1 г.Сянно.

Шквалам апладысментаў, воклічамі «Брава!» і высокай ацэнкай журы была адзначана песня «Там, где клён шумит» у выкананні Сяргея Сяргеева з Какоўчынскай ДССШ.

 Зноў, як і на папярэдніх фестывалях, пакарыла ўсіх выступленне вакальнай групы «Дыскатэка 80-х» Студзёнкаўскай ДССШ, якую ўжо ўспрымаюць як прафесіянальны калектыў. «Дыскатэка» прадставіла на суд журы і гледачоў песню «Золото мира».

 Песняй «Не зови печаль» з рэпертуара Сафіі Ратару ўдала выступіла Галіна Хурко з Багданаўскай школы. Чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі, Галіна ўзначальвае жаночую арганізацыю навучальнай установы і з’яўляецца ўдзельніцай ансамбля «Вечарынка» Сенненскага РДК.

 Неаднаразовы пераможца фестывалю вакальная група «Надзея» Нямойтаўскай ДССШ зачаравала залу песняй «Белая верба». Канкурсантка з Беліцкай школы Алена Харчанка, маці чацвярых дзяцей, з сям’ёй пераехала да нас з Украіны, таму песню для выступлення выбрала на ўкраінскай мове.

 Не мела патрэбы ў асаблівым прадстаўленні на фестывалі яго пастаянная ўдзельніца, настаўніца сярэдняй школы №2 г.Сянно Вольга Красноўская, якая шмат выступае на раённай сцэне, і не толькі як спявачка, але і як вядучая розных мерапрыемстваў. «Малітва аб Беларусі», так называлася песня, якую пранікнёна выканала спявачка.

 Усе мы ведаем, што мужчын-педагогаў у школах няшмат. І ўдвая цэнна, калі гэтыя мужчыны яшчэ і спяваюць. Гледачы з задавальненнем апладыравалі вакальнаму трыа з Сенненскай школы-інтэрната ў складзе Яўгена Кісялёва, Сяргея Рубанава і Аляксандра Качаноўскага, якія выканалі песню з рэпертуара групы «Любэ» «По высокой траве».

 Сюрпрызам для гледачоў стала выступленне ў конкурснай праграме фестывалю вакальнай групы ветэранаў педагагічнай працы «Аптымісты», у выкананні якой прагучала песня «Добрым лю­дзям».

 У заканчэнні мерапрыемства журы пад старшынствам дырэктара Сенненскай ДШМ Івана Смірнова падвяло вынікі конкурсу. Яго пераможцамі сталі дуэт «Папараць-кветка» (Машканская ДССШ), Вольга Красноў­ская (СШ №2 г.Сянно), Сяргей Сяргееў (Какоўчынская ДССШ), Ларыса Крысанава (Ульянавіцкая ДССШ), Ірына Ігнатава (Машканская ДССШ), вакальныя групы «Ивушка» (Сенненская школа-інтэрнат), «Надзея» (Нямойтаўская ДССШ), «Вдохновение» (СШ №2 г.Сянно), мужчынскае трыа (Сенненская школа-інтэрнат), харавыя калектывы «Поющие сердца» (СШ №2 г.Сянно) і «Мелодия» (СШ №1 г.Сянно).

 Прыз глядацкіх сімпатый атрымаў Сяргей Сяргееў. Спецыяльны прыз за лепшае мультымедыйнае суправаджэнне конкурснага выступлення прысуджаны хору сярэдняй школы №1 г.Сянно і мужчынскаму трыа Сенненскай школы-інтэрната.

 Таццяна Буракова.

 На здымках: пераможца конкурсу сярод салістаў у намінацыі «Песня-шлягер» Сяргей Сяргееў выконвае песню «Там, где клён шумит»; на сцэне вакальная група ветэранаў адукацыі «Аптымі­сты»; удзельніца «Дыскатэкі 80-х» з песняй «Золото мира»; пераможца конкурсу музычны калектыў «Папараць кветка» з песняй «Ля замкавай гары».