Пяць дзіцячых тэатральных калектываў устаноў адукацыі Сенненшчыны сталі ўдзельнікамі раённага агляду-конкурсу «Тэатральнае сузор’е»

Журы конкурсу пад старшынствам дырэктара Сенненскага цэнтра дзяцей і моладзі Валянціны Каржыцкай ацэньвала ўзровень акцёрскага майстэрства ўдзельнікаў мерапрыемства, мастацкую значнасць і эстэтычную каштоўнасць рэпертуара, яго адпаведнасць узросту выканальнікаў. Ацэньвалася таксама агульная культура паказу і рэжысёрскае рашэнне прадстаўленых работ. Колькасць балаў залежыла і ад музычнага афармлення, адпаведнасці касцюмаў і дэкарацый спектакля.

 У антрактах паміж пастаноўкамі, пакуль мяняліся дэкарацыі і рыхтаваліся да выступлення наступныя калектывы, гледачоў займалі тэатральнай віктарынай.

 У ходзе конкурсу высветлі­лася, што кіраўнікі дзіцячых тэатральных калектываў добра папрацавалі з юнымі акцёрамі. Кожная з пяці пастановак зрабіла сваё адметнае ўражанне на гледачоў і журы.

 Лепшым пацверджаннем пераканаўчай ігры акцёраў з СШ №1 г.Сянно была рэакцыя залы, якая суправаджала дружным смехам амаль усю пастаноўку.

 Тэатральны калектыў «Мечта» Яноўскай ДССШ паказаў некалькі таксама прасякнутых гумарам п’есак на розныя жыцейскія тэмы.

 Відовішчнай і маляўнічай была імпрэза тэатральнага калектыву «Цілі-бом» СШ №2 г.Сянно, які прадставіў музычную казку «Стрекоза и муравей».

 Дастойна выступілі і астатнія ўдзельнікі агляду-конкурсу.

 Пасля падвядзення вынікаў Дыпломы пераможцаў былі ўручаны тэатральным калектывам СШ №1 г.Сянно, «Радуга талантов» (Машканская ДССШ), «Цілі-бом».

 Дыпломамі за акцёрскае майстэрства ўзнагароджаны «Радуга талантов», за лепшае мастацкае афармленне «Залаты ключык» (Сенненскі цэнтр дзяцей і моладзі), за лепшае рэжысёрскае рашэнне «Мара». Ксенія Васілёнак, удзельніца тэатральнага калектыву СШ №1 г.Сянно, стала пераможцай у намінацыі «Лепшы акцёр».

 Таццяна Буракова.