“Лоскутки” дзіцячай творчасці

Трэці год у дзіцячых яслях-садзе №1 Сянна працуе гурток рука­дзелля «Лоскуток», у якім азы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва асвойваюць выхаванцы сярэдніх і старэйшых груп.

 

Заняткі, што вядзе Ірына Васілеўская, не праходзяць сумна і манатонна. Перад тым, як пачаць працу, абавязкова ладзіцца сумеснае абмеркаванне тэмы, кампазіцыі, спалучэнняў колераў і матэрыялаў — усяго таго, што паспрыяе ў стварэнні будучага «шэдэўра» дзіцячай творчасці. Ірына Мікалаеўна дае магчымасць выказацца кожнаму юнаму мастаку. Бо для яе, як педагога,  важна ведаць адносіны дзяцей да работы. Да таго ж падчас гутаркі можна даведацца пра настрой дзіцяці і з дапамогай творчасці настроіць яго, калі патрэбна, на пазітыўны лад.

 Галоўныя мэты, якіх прытрымліваецца Ірына Васілеўская на сваіх занятках, — развіццё мыслення, творчых здольнасцей, выхаванне працавітасці ў дзяцей. Менавіта таму, яна імкнецца як мага больш задаволіць патрэбу сваіх выхаванцаў у самых розных відах творчасці. У прыёмах і спосабах адлюстравання  свету, дзіцячай фантазіі практычна не існуе межаў. Тут вывучаюць ап­лікацыю, мастацкае канструяванне, маляванне і многае іншае. Акрамя прывычнай рознакаляровай паперы, кардону, у актыўным выкарыстанні фактурныя матэрыялы, у тым ліку і прыродныя.

 Праца гуртка арганізавана на платнай аснове. За месяц давядзецца выкласці крыху больш за 30 тысяч рублёў. Амаль паўгадзінныя заняткі праходзяць адзін раз на тыдзень. Дзецям падабаецца, а гэта, бадай, самы галоўны аргумент для бацькоў. А колькасць жадаючых займацца ў Ірыны Васілеўскай таму пацвярджэнне. На сённяшні дзень гурток наведвае 15 хлопчыкаў і дзяўчынак.  Нярэдка ў дашкольнай установе ладзяцца невялікія выставы лепшых работ выхаванцаў «Лоскутка».

 

Ала ЯКАЎЛЕВА.