“Дзень выканкама” прайшоў у першай сенненскай школе. Кіраўнік раёна і прадстаўнікі мясцовай улады адказвалі на пытанні настаўнікаў і вучняў

У СШ № 1 г. Сянно пабывалі члены раённага выканаўчага камітэта. Падобная практыка работы для распарадчага органа ўлады носіць традыцыйны характар і абумоўлена імкненнем больш глыбока пазнаёміцца з дзейнасцю ўстаноў адукацыі, высветліць, чым жыве настаўніцкая і вучнёўская супольнасць. У Дні выканкама прымаў удзел старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Цапота, а таму размова ў час сустрэч ішла і аб перспектывах развіцця ўсяго сацыяльна-эканамічнага комплекса рэгіёна.

РАДЫ ВІТАЦЬ

Гасцей сустракалі ў фае школы. І не толькі адміністрацыя, настаўнікі. Са словамі прывітання да членаў выканкама звярнуліся вучні. Яны запрасілі ўсіх у актавую залу навучальнай установы, дзе прайшла прэзентацыя візітнай карткі школы. І таксама агульнымі намаганнямі педагогаў і вучняў.

 Візітку назвалі «Мы! Сёння! Тут!». Паказ прайшоў даволі арыгінальна, з выкарыстаннем мультымедыйных форм. Аб калектыве і сённяшнім дні школы, аб праблемах гаспадары паведамілі забаўляльна, лёгка. У выніку атрымаўся  гэтакі спектакль-казка, у якім былі заняты пераважна вучні.

З ГІСТОРЫІ ШКОЛЫ

Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Сярэдняя школа №1 г. Сянно імя З.І. Азгура» адлік сваёй гісторыі вядзе з 1867 года, калі было ўтворана вышэйшае пачатковае вучылішча. Пасля змены ўлады яно было ператворана ў кастрычніку 1918 года ў 1-ую Сенненскую савецкую школу ІІ ступені. Навучанне працягвалася 7 гадоў. У 1934 годзе на базе школы была ўтворана І-я Беларуская сярэдняя школа. Будынак, у якім зараз месціцца навучальная ўстанова, здадзены ў экс­плуатацыю ў 1975 годзе. У 1994 годзе школа страціла статус беларускамоўнай, з 1998 па 2008 — працавала з мастацкім ухілам. Менаві­та ў гэты перыяд яна атрымала імя знакамітага беларускага скульптара і ўра­джэнца Сенненшчыны Заіра Азгура.

ЗАЛАТЫ ФОНД

 Гаворачы аб дні сённяшнім агульнаадукацыйнай сярэдняй школы, яе дырэктар Аляксандр Ладыжын нагадаў, што навучальная ўстанова працуе ў рэжыме пяці­дзённага навучальнага тыдня. У 22 класах-камплектах вучыцца 409 вучняў. Навучанне праходзіць у адну змену. У шосты дзень працуюць гурткі, спартыўныя секцыі, праводзяцца выхаваўчыя мерапрыемствы. У школе працуе стабільны педагагіч­ны калектыў з 49 настаўні­каў: 21 з іх мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, 22 — першую, 3 — другую, тры маладыя педагогі працуюць без катэгорыі. Адукацыйны працэс у школе будуецца ў адпаведнасці з дзяржаўным адукацыйным стандартам, вучэбным планам і праграмамі. У школе дамініруе мастацка-эстэтычная накіраванасць. Аб узроўні работы школы сведчыць 56 дыпломаў раённага ўзроўню, 9 — абласнога, 9 — рэспубліканскага і 9 — міжнароднага, атрыманых вучнямі школы ў 2011 — 2012 навучальным годзе.

 Як працуюць педагогі члены выканкама мелі магчымасць даведацца не толькі з вуснаў дырэктара школы. Узровень выкладання можна было ацаніць, пабываўшы на адкрытых уроках, якія далі настаўнікі рускай мовы Таццяна Саўлевіч, англійскай мовы Ніна Кекіш, матэматыкі Алена Яроменка, хіміі Таццяна Лонская;  Ірына Кучко правяла факультатыўны занятак па выяўленчым мастацтве. Члены выканкама  пабывалі таксама на школьных выставах: «Школьная жамчужына творчасці», дзе былі прадстаўлены работы вучняў: малюнкі, вырабы мастацка-прыкладнога характару, і «Метадычны вернісаж», на якім можна было азнаёміцца з лепшымі напрацоўкамі школьных выкладчыкаў. Многія настаўнікі школы сталі аўтарамі ўласных дыдактычных сістэм, 11 педагогаў з’яўляюцца кіраўнікамі раённых метадычных аб’яднанняў і творчых груп. Установа адукацыі працягвае ўдзел у рэспубліканскім эксперыментальным праекце «Апрабацыя навучання без адзнак у 5 класах па выяўленчым мастацтве». Творчай групай настаўнікаў распрацаваны і рэалізуецца раённы праект «Выхаванне мастацка-эстэтычнай культуры вучняў праз дзейнасць школьнага мастацкага музея». Тамарай Барышкавай працягваецца рэалізацыя школьнага праекта «Стварэнне сістэмы творчых заданняў, якія развіваюць крэатыўнасць вучняў». Распрацаваны творчы праект на прадметным узроўні настаўнікамі Таццянай Саўлевіч і Людмілай Хадыка.

 Творчы падыход настаўнікаў да педагагічнай дзейнасці адбіваецца на выхаваўчым узроўні, пацверджаны поспехамі вучняў на ўроках, прадметных алімпіядах. Мінулы навучальны год 56 % вучняў школы закончылі з сярэднім балам 7,1, 22 вучні — 9 — 10 балаў.

 З 2006 па 2012 год вучні школы не здзейснілі ні аднаго злачынства. Такі вынік — заслуга не толькі спецыялістаў сацыяльна-педага­гічнай і псіхалагічнай службы, якім шмат і мэтанакіравана даводзіцца працаваць з вучнямі, што стаяць на ўнутрышкольным уліку, але і непасрэдна з іх бацькамі, працоўнымі калектывамі аргані­зацый, прадпрыемстваў, усімі зацікаўленымі службамі. Школа, педагогі шукаюць і знаходзяць для большасці дзяцей аптымальныя ўмовы для гарманічнага развіцця асобы.

РАЗМОВА  НА ЧЫСЦІНЮ

 Прадстаўнікі ўлады завіталі ў школу не толькі для таго, каб азнаёміцца з навучальна-выхаваўчым працэсам. Іх цікавіла, чым жыве педагагічны і вучнёўскі калектыў, якія праблемы турбуюць. Самым зручным момантам для гэтага стаў круглы стол «Дыялог па сутнасці». Удзел у ім, дарэчы, прынялі і вучні школы. Большасць пытанняў, на якія пераважна адказваў старшыня райвыканкама Віктар Цапота, тычыліся грамадскіх праблем.

 — Сенненскі прабег імя Машэрава сёлета бу­дзе праводзіцца  25 раз. Магчыма, яго пара пашыраць да ўзроўню міжнароднага, культурна-спартыўнага мера­прыемства?

 Віктар Цапота пагадзіўся з прапановай і дадаў, што спартыўнае мерапрыемства пастаянна мяняла свой статус, параметры, нават назву. Спачатку гэта быў марафон. Сёлета, на думку кіраўніка раёна, трэба шырэй прыцягваць да ўдзелу ў прабегу спартсменаў з суседніх краін. Больш важкімі павінны стаць прызы для пераможцаў. Ну, а само свята, павінна набыць ярка акрэслены сенненскі каларыт. Мы павінны прадэманстраваць на ім усе свае дасягненні ў спартыўным, культурным напрамках.

 — Ці будзе праведзены капітальны рамонт сярэдняй школы № 1, добраўпарадкаванне парка Трох герояў?

  Старшыня выканкама нагадаў, што для раёна на 2013 год выдаткаваны значныя сродкі з абласнога бюджэту на добраўпарадкаванне. Яны пераважна будуць укладвацца ў райцэнтр. Грошы пойдуць у тым ліку на прывядзенне ў парадак школ, дзіцячых садкоў, устаноў культуры. Але, на думку Віктара Уладзіміравіча, сенненцы, у тым ліку школьнікі, члены грамадскіх моладзевых аб’яднанняў, таксама актыўна па­вінны дапамагаць у гэтай справе. Што датычыцца парка, то работы ў ім распачалі­ся яшчэ летась. Будуць яны працягнуты і сёлета. Праўда, сродкаў на гэта ў абласным бюджэце няма.

 — Некалі ў школе вучылася 1200 дзяцей, сёлета — 400. Што трэба рабіць, каб палепшыць дэмаграфічную сітуацыю ў райцэнтры?

 Як заўважыў Віктар Цапота, Беларусь — адна з самых урбанізаваных краін у Еўропе. Павялічваецца колькасць гарадскога насельніцтва і ў раёне. Гэта тлумачыцца тым, што за апошнія гады ў райцэнтры пабудавана шмат жылля. У апошнія гады павялічылася колькасць дзяцей, менш стала паміраць насельніцтва. У той жа час з Сянна і раёна шмат маладых людзей з’язджае ў буйныя гарады. І тут раённай уладзе трэба падумаць чым затрымаць людзей. Трэба берагчы тых, хто застаўся. Трэба прапагандаваць здаровы лад жыцця. І ў гэтым напрамку ў раёне многае зроблена, у тым ліку ў СШ № 1. Сярод яе вучняў 26 % маюць першую катэгорыю здароўя, у той час як па раёне — 18. Насельніцтва раёна менш стала хварэць, у тым ліку дзеці, папулярнасць набываюць здаровы лад жыцця. І кіраўніцтву прад­прыемстваў трэба яго не толькі прапагандаваць, але і падтрымліваць матэрыяльна. Дзяржаўная палітыка таксама накіравана на падтрымку сямей, якія нарадзілі і выхоў­ваюць дзяцей. Дадатковыя льготы маюць шматдзетныя сем’і.

 — У 2014 годзе абласное свята «Дажынкі» пройдзе  ў Гарадку. Калі Сянно атрымае права правесці яго?

 Адказваючы на гэта пытанне, старшыня райвыканкама заўважыў, што горад пакрыху мяняецца да лепшага. І прыняць «Дажынкі» было б нядрэнна. Але гэта залежыць не ад кіраўніцтва раёна.

 Сярод іншых пытанняў, якія задавалі старшыні райвыканкама, варта вызначыць тыя, якія звязаны з далейшай перспектывай будаў­ніцтва жылля ў райцэнтры і сель­скіх населеных пунктах, работай жыллёва-камунальнай гаспадаркі, утылізацыяй бытавых адходаў.

 Завяршаючы сустрэчу з настаўнікамі і вучнямі, госці папрасілі выказаць сваё меркаванне аб дзейнасці раённай улады, запэўнілі ў гатоўнасці да дыялогу з грамадскасцю, падзякавалі за разуменне і падтрымку тых пачынанняў, якія ў апошнія гады рэалізуюцца на Сенненшчыне. Падобныя сустрэчы будуць працягвацца і далей. Мяркуецца, што ў пачатку новага навучальнага года члены выканкама пабываюць у адной з сель­скіх школ.

 Аляксандр ЛАЗЮК.