Аляксандр Папкоў: “Улада свае функцыі павінна выконваць у поўным аб’ёме”
Аляксандр Папкоў, які зноў прадстаўляе наш рэгіён у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, добра ведае праблемы сваіх выбаршчыкаў і гатовы ўдзельнічаць у іх вырашэнні. Для гэтага дэпутат рэгулярна бывае ў акрузе.
Мікалай Лукашэвіч, настаўнік гісторыі Багушэўскай СШ№1, не першы дзясятак гадоў жыве ў будынку, які мае статус інтэрната. Калі Мікалай Трафімавіч паспрабаваў жыллё прыватызаваць, аказалася, што зрабіць гэта немагчыма.
Пахадзіўшы па кабінетах чыноўнікаў, Мікалай Лукашэвіч звярнуўся за дапамогай да дэпутата з надзеяй, што ён дапаможа знайсці выхад. І не памыліўся. Нядаўна райвыканкам прыняў рашэнне, якім змяніў мэтавае прызначэнне пабудовы. Неабходныя дакументы знаходзяцца ў агенцтве па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры. Зменіцца і статус зямельнага ўчастка.
Аляксандр Папкоў, падзякаваўшы Зою Фаміну за настойлівасць у пераадоленні бюракратычных перашкод, папрасіў намесніка старшыні райвыканкама давесці працэдуру афармлення жылля ва ўласнасць да канца. «У чалавека павінен быць дом, у дзяцей — бацькоўскі дом,» — дадаў дэпутат на развітанне з Мікалаем Лукашэвічам.
Ірына Сінякова на прыём да Аляксандра Папкова збіралася не адзін раз, ды ўсё адкладвала, бо, па яе словах, ранейшае кіраўніцтва РУП ЖКГ абяцала вырашыць праблему жыхароў завулка Мічурына, што ў Сянне: правесці добраўпарадкаванне, выканаць падсыпку праезнай часткі.
«Тут праблем ніякіх не можа быць. Прывесці завулак у належны стан — гэта абавязак улады і камунальнай службы», — заўважыў у час размовы з Ірынай Сіняковай Аляксандр Папкоў і папрасіў дырэктара РУП ЖКГ Васіля Кішковіча назваць дату, да якой будуць праведзены работы. Кіраўнік прадпрыемства паабяцаў зрабіць усё неабходнае да 1 чэрвеня.
Больш намаганняў, у першую чаргу супрацоўнікам аддзела будаўніцтва і архітэктуры райвыканкама, РУП ЖКГ, давядзецца прыкласці, каб дапамагчы жыхарам дома №3 вуліцы Савецкая. Ён стаіць на цэнтральнай плошчы райцэнтра, якраз насупраць будынка райвыканкама, што павінна стаць дадатковым стымулам для вырашэння ўзнятай праблемы.
Шасцікватэрны двухпавярховы дом знаходзіцца на балансе РУП ЖКГ, не мае ніякіх камунальных зручнасцей. Водаправод, праўда, у доме праведзены, але зімой у некаторых кватэрах ён перамярзае. Пячное ацяпленне не падтрымлівае нават мінімальны тэмпературны рэжым, бо сцены дома ў маразы прамярзаюць наскрозь. У дзвюх кватэрах зімой ніхто не жыве, што стварае дадатковы дыскамфорт пастаянным жыхарам. Вось з такімі праблемамі да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прыйшлі пенсіянеркі Кацярына Гарбачова, Вера Купрыянава і Любоў Макарава.
Работнікі аддзела архітэктуры райвыканкама паспрабавалі запэўніць Аляксандра Папкова, што дом уключаны ў пералік пабудоў, дзе ў 2013 годзе будзе праведзены капітальны рамонт. На самой справе гэта аказалася не зусім так. Пакуль што рыхтуецца толькі каштарысна-праектная дакументацыя на газіфікацыю дома.
«Не трэба хавацца ад праблемы, — звярнуўся да чыноўнікаў райвыканкама Аляксандр Папкоў. — Праблему трэба вырашаць.» Ён запатрабаваў падрыхтаваць неабходную дакументацыю на газіфікацыю і капітальны рамонт дома ўжо ў першым паўгоддзі, каб работы пачаліся сёлета. А яшчэ Аляксандр Папкоў папрасіў разабрацца з тымі, хто не жыве ў кватэрах дома, бо іх адсутнасць стварае нязручнасці астатнім жыхарам, прыводзіць да разбурэння дома.
Пры першай магчымасці бывае на прыёме ў дэпутата Палаты прадстаўнікоў Аляксандра Папкова Надзея Хадыка. Звяртаецца яна і да іншых высокапастаўленых асоб. Летась, напрыклад, была на прыёме ў старшыні Камітэта дзяржкантролю Рэспублікі Беларусь Аляксандра Якабсона. Многія яе пытанні паўтараюцца. У чарговы раз Надзея Хадыка выказала незадаволенасць на якасць рамонту, праведзенага ў ведамаснай кватэры, дзе яна жыве, а таксама прэтэнзіі на зямельны ўчастак, якім некалі з дазволу суседкі, карысталася. На гэты раз Надзея Васільеўна скардзілася яшчэ на тое, што ёй даставілі няякасныя дровы…
На выказаную апошняй прэтэнзію жанчыне парэкамендавалі звярнуцца ў суд, у сувязі з продажам няякаснага тавара. Тлумачэнні дадзены і па іншых пытаннях. Праўда, ці задаволілася жанчына імі, цяжка сказаць. На прыём да дэпутата Надзея Хадыка прыйшла са стосам афіцыйных папер у адказ на свае звароты. Іншая справа, што змест адказаў жанчыну не задавальняе.
У сувязі са змяненнямі закона аб зваротах грамадзян варта заўважыць, што грамадзяне, якія неабгрунтавана звяртаюцца ў органы ўлады, таксама нясуць адказнасць.
На прыём да дэпутата, незадаволіўшыся адказам, атрыманым з райвыканкама, прыйшла Зінаіда Цітова, якая жыве ў Сянне па вул. 1-я Алімпійская. Зінаіда Міхайлаўна з дазволу РУП ЖКГ, выканаўшы неабходныя тэхнічныя ўмовы, падключылася да водаправода, які некалі правёў па вуліцы за ўласныя сродкі калектыў забудоўшчыкаў. Аднак «кааператары» ўвод абрэзалі, матывуючы тым, што жанчына не несла затраты на будаўніцтва водаправода. І гэтыя дзеянні чыноўнікі райвыканкама палічылі законнымі.
«Задача ўлады — знаходзіць кампрамісныя рашэнні ў любой канфліктнай сітуацыі, дапамагаць людзям у паляпшэнні бытавых умоў,» — падкрэсліў Аляксандр Папкоў, звяртаючыся да прысутных на прыёме работнікаў раённай вертыкалі. «Чаму водаправод да гэтага часу не пастаўлены на баланс РУП ЖКГ? Ды таму, што мясцовая ўлада не выконвае ў поўным аб’ёме свае функцыі,» — зрабіў вывад Аляксандр Папкоў. І папрасіў вырашыць праблему ў месячны тэрмін.
Аляксандр Папкоў з яго багатым вопытам работы, у тым ліку на розных узроўнях уладнай структуры, хутка ўнікае ў праблемы, з якімі да яго прыходзяць людзі. Рэкамендацыі дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу дапамагаюць у рабоце супрацоўнікам раённай улады. Але праблемы, не перастае паўтараць дэпутат, можна вырашыць толькі сумеснымі з мясцовай уладай намаганнямі.
Аляксандр Лазюк.