Дык бяры ж Станіславу.., а мо Гардзея? Сенненцы ўсё часцей аддаюць перавагу старажытным і экзатычным імёнам

Мода на тыя ці іншыя імёны існавала ва ўсе часы. Нашы прадзеды свае імёны атрымлівалі з царкоўных святцаў, дзяды падпалі пад уплыў камуністычных павеваў, моладзь перабудовачнай пары называла дзяцей у гонар герояў лаціна-амерыканскіх серыялаў.

У 2012, як і ў папярэднім годзе, самымі папулярнымі імёнамі для хлопчыкаў былі Арцём, Данііл. Досыць часта дзяцей мужчынскага полу называлі Раманамі, Нікітамі, Кірыламі. Сталі з’яўляцца забытыя ў апошнія гады імёны Міхаіл, Ігнат, Сямён, Дзямід. З’явіліся новыя для нашага часу імёны Радыслаў, Гардзей, Герман.

Самымі папулярнымі імёнамі для дзяўчынак сталі Дар’я, Паліна, Марыя, Варвара, Ксенія. Радзей  называюць дзяўчынак Анастасіямі, Вікторыямі, Кацярынамі. Іх месцы занялі Багданы, Азаліі, Дарыны, Станіславы.