“Я з вогненнай вёскі…”

Так пра сябе можа сказаць і Еўдакія Сяргееўна Бярнацкая — ураджэнка вёскі Пожанькі Багданаўскага сельсавета, а сёння жыхарка Віцебска. З узростам дзіцячыя ўспаміны ўсё мацней трывожаць душу. Усё часцей ў памяці ўсплываюць жахлівыя карціны з маленства: спаленыя  хаты,  забітыя землякі…

— Я нярэдка чую па радыё аповеды пра знішчаныя ў часы акупацыі беларускія мястэчкі і вёскі. Слухаючы чужыя гісторыі, зноў перажываю трагедыю сваёй малой радзімы.

 Колькі іх, сясцёр Хатыні, на нашай Сенненшчыне! Іх лёсы ў большасці сваёй, на жаль, не маюць шырокай вядомасці. Гэта акалічнасць прымусіла Еўдакію Сяргееўну выкласці свае ўспаміны ў пісьмовай форме. Ліст з Віцебска прыйшоў на адрас Сенненскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея. «Старэйшае пакаленне зыходзіць. Усё менш і менш застаецца ў жывых сведкаў жудасных злачынстваў фашысцкага рэжыму, тых, хто яшчэ можа расказаць праўду маладому пакаленню».

 Родныя для Еўдакіі Сяргееўны Пожанькі знаходзіліся блізка каля лесу. За гэта вёска і пацярпела. У выніку неаднаразовых карніцкіх аперацый ад агню ўцалеў толькі адзін дом. Вяскоўцы, што засталіся без жылля, вымушаны былі хавацца разам з дзецьмі і старымі ў лесе і жыць пад адкрытым небам. На той момант аўтарцы пісьма было 3 гады. Дзіцячая памяць захавала атмасферу жахлівых дзён. Астатнюю карціну дапоўнілі аповеды маці. Ад яе даведалася Еўдакія Сяргееўна і пра дэталі трагічнай гібелі бацькі і стрыечнага брата. Іх разам з іншымі вяскоўцамі мужчынскага полу забілі немцы.

 Такая доля чакала і Еўдакію з маці. Неяк зімой карнікі выгналі ўсіх жыхароў з хат. На дварэ быў моцны мароз, дзеці пачалі плакаць. Фашысты «збожыліся» і адпусцілі жанчын з дзецьмі. Астатніх расстралялі. Па сведках відавочцаў, тады загінула больш за 40 чалавек. У 60-х гадах на месцы расстрэлу ўсталявалі помнік бязвінна загінуўшым.

 Пасля вызвалення многія вяскоўцы пакінулі родныя мясціны. Толькі б не бачыць папялішчаў, але ад успамінаў збегчы немагчыма.

 У сваім лісце Еўдакія Сяргееўна прыгадвае сваіх землякоў, з якімі перажывала ліхую часіну, і да гэтага часу не парывае сувязь. Сярод іх Ніна Анікеева, Ала Абысава, Ніна Кастусель. Бацькі апошняй сведкі, дарэчы, былі расстраляны на яе ж вачах. Магчыма, спадзяецца аўтарка пісьма, адгукнуцца і падзеляцца сваімі ўспамінамі пра тое, што нельга забыць, і іншыя ўраджэнцы вогненных вёсак.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.