Хустка ад Машэрава

Адной з рыс  характару Пятра Машэрава была павага да простых людзей. У той час, калі быў першым сакратаром ЦК КПБ, ён пакінуў у сваім дзённіку такі запіс: «Я вельмі люблю людзей. Захапляюся людзьмі. Што самае цудоўнае, што самае моцнае, што з’яўляецца нашым багаццем, нашым дасягненнем, дык гэта нашы людзі. Душы іх адгукаюцца на ўсе справы, на ўсе нягоды».

У дзень святкавання 95-годдзя з дня нараджэння П.М.Машэрава з юнымі краязнаўцамі гуртка «Памяць» Машканскай школы сваімі ўспамінамі падзялілася старажылка вёскі Александрова, ветэран працы Надзея Цімафееўна Казлова, якой пашчасціла сустракацца з Пятром Міронавічам.

У вёсцы Александрова, што знаходзіцца ў чатырох кіламетрах ад  Шыркоў, дзе нарадзіўся і рос наш знакаміты зямляк, жыла яго хросная маці Наталля Іванаўна Грышанава, паважаная, мудрая жанчына, да якой заўсёды ішлі за парадай. Машэраў не забываў пра яе, віншаваў з днём нараджэння. У Александрова, на памяці Надзеі Казловай, прыязджаў разы тры.

Запомнілася Надзеі Цімафееўне, як аднойчы на перакрыжаванні дарог каля хаты Грышанавых прызямліўся верталёт, да якога збеглася ўся вёска: «Побач са мною былі Віктар Апанасавіч Пятроў, Юлія Цімафееўна Пятрова, Аляксандр Васільевіч Мандрык і іншыя вяскоўцы». З верталёта выйшаў Пётр Машэраў і з кожным прывітаўся за руку. «Сярод нас, дарослых, былі і дзеці: мае — Лена, Зіна, Эдзік, Галёнавы — Сярожа і Іван. Пілоты пачаставалі іх цукеркамі», — успамінала Надзея Казлова.

Пётр Міронавіч завёў размову, стаў распытваць пра жыццё, працу. Сваім чалавекам называлі яго вяскоўцы, бо размаўляў так шчыра і проста, быццам разам з імі пражыў усё жыццё, а не займаў высокую пасаду ў Мінску. Вельмі прасілі яго землякі дапамагчы пракласці добрую дарогу да вёскі. Ён адказаў, што з дарогай абавязкова дапаможа, успомніў, як у свой час хадзіў у школу пешшу па 8 кіламетраў туды і назад, зімою — на лыжах, бо вучоба была на першым плане. Дарогу да вёскі, як і абяцаў Пётр Міронавіч, зрабілі.

Наталля Іванаўна Грышанава заўсёды атрымлівала ад хрэсніка падарунак. «Аднойчы зайшоў ён у наш магазін, у якім прадаўцом тады працавала Валянціна Іосіфаўна Ільюшэнка, і купіў вельмі прыгожую шарсцяную квяцістую хустку для сваёй хроснай. Яна яе вельмі любіла, і нават папрасіла сваіх сябровак, як памрэ, пахаваць у ёй. Калі яна ў 1976 годзе памерла, так і зрабілі», — прыгадвала Надзея Казлова.

Простая жанчына, якая ўсё жыццё адпрацавала на роднай зямлі, з удзячнасцю і павагай расказала пра сустрэчу з вядомым дзяржаўным і палітычным дзеячам і адначасова простым чалавекам. Надзея Цімафееўна пажадала рабятам, каб яны былі такімі ж адкрытымі і шчырымі, як наш зямляк Пётр Машэраў, і падарыла краязнаўцам фотаздымак для школьнага музея баявой і працоўнай славы, на якім Наталля Іванаўна Грышанава (чацвёртая справа) каля сваёй хаты разам з аднавяскоўцамі.

Таццяна Каранеўская,

кіраўнік гуртка «Памяць» Машканскай ДССШ.

На здымках: александроўцы каля хаты Н.І.Грышанавай; Н.Ц.Казлова разам з краязнаўцамі гуртка «Памяць» у школьным музеі баявой і працоўнай славы.