ПС “Сянно” — чэмпіён

Кожны матч — асаблівы, кожная каманда — індывідуальная. 13 аматарскіх каманд, у склад якіх уваходзілі супрацоўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна, некалькі тыдняў змагаліся за галоўны прыз чэмпіянату Сенненскага раёна па валейболе. Той, хто актыўна прыходзіў падтрымліваць валейбалістаў, з упэўненасцю можа сказаць, што сёлетнія гульні нікога не пакінулі абыякавым.

Валейбол — гэта гульня, якая прымушае хвалявацца за любімую каманду, перажываць за кожную яе няўдачу, спрэчны мяч, радавацца добрай падачы, шыкоўнаму пасу, удаламу ўдару. Сумна разумець, што валейбольныя баталіі скончыліся і да наступнага года не пачуюцца крыкі балельшчыкаў. Каму дастанецца Кубак спаборніцтваў, высветлілася на фінальных гульнях, што прайшлі на закрыцці чэмпіянату.

Незабыўным стаў матч за першае месца 1-й лігі паміж камандамі ПС «Сянно» і РАУС. Сапернікі не першы год даказваюць сваё спартыўнае майстэрства. У мінулым годзе спартыўны прыз заваявалі міліцыянеры. Сёлета ва ўпартай барацьбе ўсё ж такі «вырвалі» перамогу хлопцы з нафтаперапампоўваючай станцыі. Не абышлося без напружання і нерваў. Запомніліся тэхніка і прыгожыя атакі Дзмітрыя Высоцкага, Аляксея Бакунова, Рустама Хасанава, Максіма Яроменкі, Дзяніса Дзернушкова. Дружную каманду кожны матч падтрымлівалі кіраўніцтва ПС «Сянно» на чале з Вячаславам Сакалоўскім і супрацоўнікі  Аляксандр  Малчанаў, Сяргей Бязлюдаў, Валерый Лыскоў, Аляксей Анучкін і інш.

Яркімі былі  сілавыя напады Аляксандра Івашкова з РАУС. Аднак міліцыянеры ў гэтым годзе аказаліся крыху слабейшымі. У выніку — толькі «серабро».

Трэцяе месца каманда кіраўнікоў раённых прадпрыемстваў літаральна падаравала спартсменам з РЭСа. «В ударе» былі нападаючыя Ігар Шыдлоўскі і Арцём Шлык.

У другой лізе прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: першай стала каманда аддзялення Дэпартамента аховы, другой —Сенненскага ПМС. Трэцяе месца заваявалі валейбалісты ПМК-64.

Дыпломам у намінацыі «Самы перспектыўны гулец» быў адзначаны Павел Распорскі, вучань Машчонскай школы. Дыпломы за прапаганду здаровага ладу жыцця атрымалі Барыс Уласевіч (дырэктар ільнозавода), Сяргей Камандышка (начальнік аддзялення Дэпартамента аховы). За своечасовае адлюстраванне спартыўных мерапрыемстваў у раённых сродках масавай інфармацыі адзначылі і карэспандэнта «Голасу Сенненшчыны» Ірыну Гарбачову.

Кубак, дыпломы і медалі ўручылі начальнікі аддзелаў фізкультуры спорту і турызму Аляксандр Гардзецкі і па справах моладзі райвыканкама Марына Наваковіч. Права апусціць сцяг спаборніцтваў было дадзена капітанам каманд-пераможцаў.