Малайчына, Аліна!

Вучаніца шостага класа другой сенненскай школы Аліна Булыня (на здымку) у  абласным этапе Рэспубліканскіх  спаборніцтваў «Снежны снайпер» заваявала «серабро».

Юная спартсменка наведвае секцыю агульнай фізічнай падрыхтоўкі і неаднаразова станавілася прызёрам у лёгкаатлетычных кросах. займаецца дзяўчынка лёгкай атлетыкай усяго другі год, аднак, упэўнена адчувае сябе на спартыўных спаборніцтвах не толькі раённага маштабу.  Па словах галоўнага трэнера Аліны Андрэя Сапежкі, дзяўчынка вельмі працавітая і здольная.

Абласное зімовае шматбор’е «Снежны снайпер» праходзіла на базе Віцебскага вучылішча алімпі­йскага рэзерву. Сенненскую каманду ў малодшай узроставай групе прадстаўлялі выхаванцы з СШ№2 г.Сянно, Машканскай, Беліцкай і Студзёнкаўскай школ. Спаборніцтвы праходзілі ў два этапы. У першы дзень была стральба з пнеўматычнай вінтоўкі, у другі — лыжная гонка на 3 км. У індывідуальным заліку Аліна заняла другое месца. Сенненцы ў малодшай узроставай групе ў агульным камандным заліку сталі трэцімі.

Фінал спаборніцтваў адбудзецца ў сакавіку ў рэспубліканскім цэнтры алім­пійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту «Раўбічы». Будзем «хварэць» за Аліну!

Ірына ГАРБАЧОВА.