Музею Машканскай школы Сенненскага раёна — 35!
Музей баявой і працоўнай славы ў Машканскай школе быў адкрыты 23 лютага 1978 года, і сёлета яму споўнілася 35 гадоў. Стваральнікам музея з’яўляецца колішні дырэктар навучальнай установы Мікалай Трафімавіч Лукашэвіч. Працягнуў гэту справу яго пераемнік Худавердзі Алахвердзіевіч Куліеў. Яму дапамагалі настаўнікі Васіль Ягоравіч Русанаў, Васіль Лаўрэнавіч Шарэнда, Марыя Іванаўна Шубка і іншыя.
Акрамя экскурсій, у музеі праходзяць розныя іншыя мерапрыемствы: урачыстыя лінейкі, урокі гісторыі, сустрэчы з ветэранамі вайны і працы, семінары-практыкумы для работнікаў музеяў школ раёна. На базе музея шмат гадоў працуе краязнаўчы гурток «Памяць».
Мерапрыемствы, што праходзяць у музеі, выхоўваюць у дзяцей любоў да роднай зямлі, да сваёй школы, фарміруюць у маладога пакалення грамадзянска-патрыятычныя пачуцці.
Першае знаёмства хлопчыкаў і дзяўчынак са школьным музеем адбываецца яшчэ ў дзіцячым садку. Першы ўрок для першакласнікаў праходзіць таксама менавіта ў музеі. Па матэрыялах экспазіцыі, прысвечанай Вялікай Айчыннай вайне, вучні знаёмяцца з героямі-аднавяскоўцамі, якія аддалі свае жыцці ў барацьбе з ворагам. Асаблівая ўвага засяроджваецца на такіх паняццях, як «герой» і «подзвіг».
Выклікае вялікі інтарэс такая форма работы, як чытанне франтавых лістоў. Сутнасць яе заключаецца ў тым, што вучні самастойна выбіраюць лісты, а потым разам з юнымі краязнаўцамі чытаюць і аналізуюць іх.
У раённай «Вахце Памяці» машканскія краязнаўцы занялі першае месца ў арганізацыі патрыятычных мерапрыемстваў.
Вялікую цікавасць выклікаюць матэрыялы музея, размешчаныя ў экспазіцыі, прысвечанай героям-землякам П.М.Машэраву, А.К.Гараўцу, І.І.Камінскаму. Праз выхаванне патрыятычных пачуццяў падтрымліваецца інтарэс да з’яў мінулага і сучаснага грамадскага жыцця. Рабяты вучацца даваць ацэнку падзеям, выказваць свае меркаванні.
Пяты год гурткоўцы «Памяці» супрацоўнічаюць з раённай газетай «Голас Сенненшчыны», дзе расказваюць пра аднавяскоўцаў — ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, пра гераічнае мінулае і працоўныя дасягненні землякоў, падзеі, якія адбываюцца ў школе, папаўняючы такім чынам матэрыялы летапісу навучальнай установы. Дзякуючы супрацоўніцтву з «раёнкай» рабяты два разы
станавіліся пераможцамі абласнога конкурсу СМІ «Слова — за намі», іх праца адзначалася дыпломамі І ступені. Асаблівым гонарам стаў альбом «Старонкі ваеннай гісторыі», дзе сабраны газетныя выразкі публікацый, які таксама папоўніў фонд матэрыялаў школьнага музея новымі звесткамі, бо рабяты стараліся расказаць пра кожнага аднавяскоўца — удзельніка Вялікай Айчыннай вайны.
Успаміны ветэранаў, свае назіранні гурткоўцы выкарыстоўваюць у творчых работах пад час удзелу ў раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах. За доследную работу «Таямніцы малой радзімы» вучаніца 5 класа Алёна Валодзькіна ў раённым конкурсе заняла другое месца. А ў акцыі патрыятычнага выхавання, якая праходзіла ў раёне ў кастрычніку мінулага года, краязнаўцы гуртка «Памяць» занялі першае месца.
У час святкавання 570-годдзя г.Сянно гурткоўцы прынялі ўдзел у стварэнні квілта «Роднай зямлі матывы» і сталі пераможцамі. У дні святкавання 95-гадовага юбілею з дня нараджэння П.М.Машэрава член гуртка Вераніка Казлова ўдзельнічала ў абласных чытаннях, прысвечаных знакамітаму земляку, якія праходзілі ў абласным Палацы дзяцей і моладзі. А потым у якасці ганаровых гасцей Вераніка Казлова і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Аляксандраўна Іванькова былі запрошаны на ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае памяці П.М.Машэрава, у Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт, з якім Машканскую школу звязвае даўняе сяброўства. Вераніка прачытала верш, прысвечаны славутаму земляку. Далі слова на ўрачыстасці і Святлане Аляксандраўне.
Нядаўна члены гуртка «Памяць» прынялі ўдзел у рэспубліканскім паэтычным конкурсе «Каб бацькоўская мова непаўторнаю кветкаю цвіла», дзе верш Аляксандра Кавалёва быў адзначаны як лепшы.
Каб зрабіць работу музея больш канкрэтнай і мэтанакіраванай, яго савет распрацаваў наступныя накірункі дзейнасці: умацаванне ролі патрыятычнага выхавання на ўроках і пазакласных мерапрыемствах, прапаганда гераічнага мінулага, выхаванне беражлівых адносін да нацыянальных і культурных традыцый, клопат і ўвага да ветэранаў вайны і працы, працяг збору матэрыялаў для экспазіцыі.
Работа ў музеі не спыняецца. Яго рэгулярна наведваюць вучні іншых устаноў адукацыі раёна. Зусім нядаўна юныя экскурсаводы правялі цікавую экскурсію для машчонскіх школьнікаў.
Таццяна Каранеўская,
кіраўнік гуртка «Памяць» Машканскай ДССШ.
Фота з фондаў музея.