На днях у Сенненскім раённым камісарыяце адбылася неардынарная падзея — уручэнне ўзнагароды часоў Вялікай Айчыннай вайны

Медаль «За адвагу» пад нумарам 3055631 знайшлі ў кастрычніку мінулага года жыхары райцэнтра пад час правядзення земляных работ. Знаходку даставілі ў райваенкамат, які заняўся пошукамі ўладальніка ўзнагароды. Быў зроблены запыт у Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расі­йскай Федэрацыі ў г.Падольск Маскоўскай вобласці.

 Высветлілася, што, згодна з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 6 жніўня 1946 года, медалём быў узнагароджаны чырвонаармеец  24-га стралковага палка 334-ай стралковай дывізіі Іван Іосіфавіч Рабушка, 1923 года нара­джэння, прызванага Сенненскім райваенкаматам. Узнагарода была ўручана 9 кастрычніка 1946 года.

 Другі раз медаль «За адвагу» быў уручаны ўнуку Івана Рабушкі, Аляксандру Каранеўскаму, які працуе інспектарам крымінальна-выканальніцкай інспекцыі Сенненскага РАУС.

 Родныя салдата з удзячнасцю будуць захоўваць вернуты медаль, як сямейную рэліквію разам з іншымі ўзнагародамі абаронцы Айчыны.

 Таццяна Буракова.

На здымку: знойдзены медаль уручае ваенны камісар раёна Сяргей Пінчук.