Медаль чакае свайго Героя

Як мы паведамлялі раней на старонках нашай газеты, не так даўно на адной з вуліц Сянна быў знойдзены медаль «За адвагу». Яго прынеслі ў раённы ваенны камісарыят з просьбай высветліць, каму належала ўзнагарода. Што і было зроблена.

Згодна з паведамленнем Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі медаль «За адвагу» №3055631 быў уручаны 9 кастрычніка 1946 года на падставе Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 6 жніўня 1946 года Івану Іосіфавічу Рабушку ў сувязі з раненнем. У наградным лісце пазначана, што чырвонаармеец, былы гарматны нумар 24 стралковага палка 334 стралковай дывізіі, 1923 года нараджэння, прызываўся ў войска Сенненскім РВК Віцебскай вобласці. На момант узнагароджання ў якасці хатняга адрасу была пазначана вёска Пустынкі.

 На жаль зараз у названым населеным пункце ні героя, ні яго родных службоўцам раённага ваеннага камісарыята знайсці не ўдалося. Тым не менш, надзея даведацца больш падрабязна пра героя застаецца. Рэдакцыя і раённы ваенны камісарыят, як заўжды спадзяюцца на дапамогу чытачоў газеты. Пішыце на наш паштовы ці электронны  адрасы, тэлефануйце.