“Дыскатэка 80-ых” — сумна не бывае

Музычнаму гурту настаўнікаў Студзёнкаўскай школы «Дыскатэка 80-ых» пяты год. Іх яркіх выступленняў чакаюць не толькі ў горадзе, але і ў вёсках раёна.

Прапанаваная калісьці дырэктарам школы Уладзімірам Касьянавым ідэя стварыць гурт, станоўча была ўспрынята педагогамі. З рэпертуарам вызначыліся адразу: на сучаснасць не замахвацца, прытрымлівацца рэтранакірунку, бо ўсё забытае — заўсёды ў выйграшы. Як паказаў час, не памыліліся.

 Упершыню «Дыскатэка 80-ых» заспявала на раённай сцэне ў конкурсе педагагічных калектываў «Песня застаецца з чалавекам», дзе стала трэцяй. Але тады для яе гэта была сапраўдная перамога. На дасягнутым не спыніліся. Шмат працавалі над рэпертуарам, крытычна ставіліся да пастаноўкі нумароў, адпрацоўвалі кожны рух у танцы. Плённая праца прынесла станоўчыя вынікі. Апошнія тры гады на п’едэстале конкурсу «Песня застаецца з чалавекам» настаўніцкі гурт Студзёнкаўскай школы першы.

 Заўсёды новыя, прыгожыя, арыгінальныя, яны здзіўляюць сваёй непрадказальнасцю. Кожная песня ў іх выкананні — гэта распрацаваны, пастаўлены нумар, які дапаўняюць цікавыя, дэкарацыі, атрыбуты. У кожнага ўдзельніка гурта, а іх 7 чалавек, каля пятнаццаці касцюмаў. Распрацоўвае і шые ўнікальныя мадэлі Таццяна Подраз, настаўнік  працы. Для захавання ўбораў у школе нават стварылі касцюмерную.

 «Дыскатэку-80-ых» заўсёды рады бачыць на раённай сцэне, іх часта запрашаюць і сельскія гаспадаркі на розныя мерапрыемствы. У сваіх праграмах настаўнікі прапануюць не толькі групавыя выступленні, але і сольныя нумары.

 Не першы год гурт прадстаўляе раён на фестывалі «Славянскі базар у Віцебску». На «Сенненскім падвор’і» педагогі са Студзёнкі ствараюць добры настрой вясёлымі песнямі і гульнямі. Напрыклад, летась, госці фестывалю пяць разоў запар «на біс» прасілі праспяваць цыганскую песню «Дар’я».

 Выступаць перад аўдыторыяй, умець утрымліваць яе ўвагу — майстэрства. У «Дыскатэкі 80-ых» гэта атрымліваецца «на выдатна».

Ала ЯКАЎЛЕВА.