Купанне ў хрышчэнскі мароз

Пяць гадоў таму на старонках «ГС» мы ўпершыню расказалі пра ходцаўскіх «маржоў». Традыцыя купання ў хрышчэнскай палонцы на Сенненшчыне жыве. Да яе далучыліся многія іншыя жыхары раёна.

Сёлета, нягледзячы на 20-градусны мароз, вечарам 19 студзеня пасля службы ў Свята-Мікалаеўскім храме многія вернікі прыйшлі на Сенненскае возера, каб акунуцца ў яго воды са спадзяваннем ачысціцца ад грахоў, здабыць новыя сілы і ўмацаваць здароўе. На наступны дзень у той жа палонцы купаліся сенненцы, якія шукалі фізічнага здароўя. Хры­шчэнскія купанні прайшлі таксама ў Багушэўску, Ходцах, іншых населеных пунктах раёна.

 У Ходцах, як звычайна на возеры сабраліся не толькі мясцовыя аматары маржавання. У госці да старэйшага прыхільніка зімовага закальвання Алега Бохана прыехалі яго сябры і родзічы з Віцебска. У зімовай палонцы даў нырца нават малодшы унук Алега Ягоравіча 12-гадовы Ягор.

 А ад калектываў самае масавае прадстаўніцтва на хрышчэнскім купанні мела ПС «Сянно» — ажно 6 чалавек на чале са старшынёй прафсаюзнага камітэта, аматарам здаровага ладу жыцця Аляксандрам Малчанавым.

 У суботу ў Сянне павінна была прайсці лыжная гонка з нагоды правядзення Між­народнага дня снегу. У сувязі з нізкімі тэмпературамі яе адмянілі.

  НА ЗДЫМКАХ: Ягор — унук Алега Ягоравіча; ля  хры­шчэнскай купелі работнікі ПС «Сянно».