Штодзённыя клопаты вясковай старэйшыны

Святлану Ярохаву ў в.Сінягорскае ведаюць добра. Працуе яна тут бібліятэкарам, апроч таго, з’яўляецца старэйшынай вёскі, дэпутатам Студзёнкаўскага сельскага Савета. Жанчына родам з Апечак. Прыехала ў Сінягорскае па размеркаванні пасля заканчэння бібліятэчнага тэхнікума. Тут выйшла замуж,  разам з мужам выхавала траіх дзяцей.

 Быць старэйшынай у вёсцы, калі не адносіцца да грамадскай работы фармальна, складана. Больш за 200 чалавек пражывае ў Сінягорскім.  Не адзін год давяраюць жыхары Святлане Аляксееўне такую пасаду. «Адказная, уважлівая, —  гавораць пра старэйшыну людзі, ніколі не адмаўляе, калі звяртаемся да яе». 

 Садзейнічае яна ў вырашэнні многіх пытанняў: і з вулічным асвятленнем, і з расчысткай дарог, і з добраўпарадкаваннем тэрыторыі. Дамаглася Святлана Аляксееўна, каб свежы хлеб у мясцовы магазін прывозілі. Скаргі вяскоўцаў былі разгледжаны на апошнім сельвыканкаме. Аднак  застаецца хвалюючым пытанне закрыцця магазіна. «Аб праблеме ведаюць мясцовая ўлада, спажыўкааперацыя, таму зараз справа за імі», —адзначыла старэйшына. Многія сінягорцы яшчэ трымаюць кароў. Але пасвіць жывёлу няма дзе. Вяскоўцы і старэйшына вядуць дыялог з Уладзімірам Сухвалам, дырэктарам ААТ «Сінягорскае», пра пашырэнне ўчастка  для пашы.

 Усё часцей пачалі скардзіцца вяскоўцы на працу грамадскага транспарту, гаворыць Святлана Ярохава. Расклад яго руху стаў нязручным для людзей. Дабрацца ў Сянно можна толькі тры разы на тыдзень, прычым, як адзначылі самі жыхары, да ўрача патрапіць складана, бо прыязджае аўтобус у райцэнтр бліжэй да абеду. Па такім раскладзе транспарт ходзіць пасля закрыцця Сінягорскай школы. Вучняў у Студзёнку дастаўляе школьны аўтобус, настаўнікі дабіраюцца на аўтобусе па маршруце Сянно-Багушэўск, таму не рэнтабельна стала пускаць грамадскі транспарт кожны дзень праз Сінягорскае. «Але хто падумае пра вясковых жыхароў?», — разводзіць рукамі старэйшына.

 Неабыякавая да чужога гора, Святлана Аляксееўна ўмее выслухаць, падказаць, параіць. Часам да яе за дапамогай звяртаюцца нават людзі з суседніх Копцаў. Ведае старэйшына іх праблему з пітной вадой. у кало­дзежах яна дрэнная. Колькі разоў жанчына прыязджала з Васілём Бараноўскім, старшынёй Студзёнкаўскага сельскага Савета, у Копцы, выклікалі спецыялістаў РЦГЭ. У кастрычніку мінулага года з калодзежа ля дома Ільіных браліся пробы вады. Зроблены аналіз падазрэнні вяскоўцаў падцвердзіў. Пасля ачысткі студні паўторны аналіз не выявіў мікрабіялагічнага забруджвання. На жаль, не ўсё пад сілу старэйшыне, яна толькі пасрэднік паміж вяскоўцамі і мясцовай уладай.

 Грамадскія абавязкі не перашкаджаюць Святлане Аляксееўне з адказнасцю ставіцца да сваёй непасрэднай працы, якой яна займаецца больш за 30 гадоў. Ва ўтульным пакойчыку вясковай бібліятэкі цёпла, прыбрана. Акуратна расстаўлены на паліцах кнігі, асобна аформлены камерцыйны абанемент. Адзін раз у месяц, згодна з планам работы, жанчына разносіць літаратуру ў аддаленыя вёскі, і практычна кожны дзень з часопісамі і газетамі спяшаецца да сваіх чытачоў у Сінягорскай.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *