Першынцам 2013 года на Сенненшчыне стала дзяўчынка

Запамінальным і шчаслівым стаў для медсястры ЦРБ і аператара ПС «Дружба» Алёны і Аляксандра Пашкоўскіх (на здымку) першы дзень новага года. Менавіта 1 студзеня з’явілася на свет  іх дачушка Валерыя.

Нядаўна ў раённым ЗАГСе ад­былася ўрачыстая рэгістрацыя першай сенненкі-2013. І для супрацоўнікаў аддзела актаў запісаў грамадзянскага стану гэта падзея таксама была  адметнай —  яны ажыццяўлялі першую рэгістрацыю нараджэння ў сёлетнім годзе.

 Маладыя бацькі атрымалі з рук начальніка аддзела Вольгі Мялешка памятнае пасведчанне і сувенір з выявай нованароджанага дзіцяці.

 У час урачыстасці і жартам, і ўсур’ёз былі зачытаны радкі з гараскопа: той, хто нарадзіўся ў студзені, адрозніваецца цвёрдым характарам, уменнем да­сягаць пастаўленай мэты.

 Вольга Мялешка пажадала бацькам маленькай Валерыі поспехаў у вы­хаванні, вынікі якога заўжды залежаць ад узаемаадносін паміж мамай і татам.

 А ў планах Алёны і Аляксандра Пашкоўскіх падарыць Валерыі ма­лодшага браціка.

Таццяна Буракова.