КУПБА “Прэстыж” — пераможца “Моднага сілуэта”
«Неизменно меняется мода» — гэтыя словы з некалі папулярнай песенькі не губляюць сваю актуальнасць. За модай ішлі прыгажуні старажытнага свету, знатныя дамы і «простолюдинки» сярэднявечча і наступных эпох жыцця чалавецтва. Эпохі міналі, а прыхільнасць да моды заставалася. Хаця сама «пані мода» змянялася і змяняецца (асабліва ў наш час) з галавакружнай хуткасцю.
Імкнецца паспяваць за гэтай «капрызніцай» камунальнае ўнітарнае прадпрыемства бытавога абслугоўвання «Прэстыж». Калектыў прадпрыемства дастойна ўдзельнічае ў шматлікіх конкурсах моднага адзення, дзе мае магчымасць і сябе паказаць, і пераняць варты вопыт калег па цэху.
У канцы мінулага года «Прэстыж» прыняў удзел у абласным конкурсе «Модны сілуэт» і атрымаў першае месца і каштоўны прыз у намінанацыі «Мы — Беларусь», у якой прадставіў мадэлі калекцый «Беларускі касцюм і сучаснасць» і «Дзелавы касцюм».
Мадэлі адзення з ільну дэманстраваліся на рэспубліканскім конкурсе і былі адзначаны дыпломам удзельніка. Калекцыя спадабалася тэлевізійшчыкам, якія асвятлялі мерапрыемства, і яны знялі багушэўцаў для перадачы «Лён ты мой апаўшы» на канале АНТ.
«Гэты поспех — вынік мэтанакіраванай працы ўсяго калектыву прадпрыемства», — падкрэсліла галоўны інжынер КУПБА «Прэстыж» Марыя Балабоўка.
Сама Марыя Рамальдаўна, акрамя таго, што займалася ўсёй арганізацыйнай дзейнасцю, яшчэ і кроіла мадэлі, выконвала іншую практычную работу. Асабісты ўдзел у падрыхтоўцы да конкурсу прыняў дырэктар прадпрыемства Аляксандр Ласянкоў, які разам з галоўным інжынерам займаўся падборам тканіны, што закупалі на Аршанскім ільнокамбінаце, Мінскім тонкасуконным камвольным камбінаце, Баранавіцкай баваўнянай фабрыцы.
Над стварэннем конкурсных мадэлей актыўна працавалі работніцы Багушэўскага атэлье: загадчыца Лілія Вакар, тэхнолаг Віталь Максіменка, закройшчыцы Юлія Філёва і Наталля Новікава, краўчыхі Зінаіда Зямноха, Людміла Буракова і іншыя. Свой уклад у справу ўнёс і калектыў Сенненскага атэлье: начальнік участка Святлана Бяланава, тэхнолаг Іна Стычынская, закройшчыцы Рэгіна Абакумава і Галіна Неваліхіна, краўчыхі Таццяна Курс, Ганна Рыбчанка, Любоў Занько і іншыя.
Але пашыць само адзенне — гэта яшчэ палова справы. Каб кожны вобраз у калекцыі адпавядаў замыслу аўтара, трэба аздобіць мадэлі аксесуарамі: падабраць адпаведныя абутак, пальчаткі, паясы, сумачкі і інш. У калекцыі былі выкарыстаны элементы з берасты, вырабы народных майстроў. Аксесуары набывалі на Аршанскай фабрыцы мастацкіх вырабаў, у іншых айчынных вытворцаў і гандлі.
Як вядома, проста паказам не абмяжоўваецца ні адзін сучасны конкурс: калекцыю трэба не толькі стварыць, але і прэзентаваць.
Цудоўную застаўку для прадстаўлення візітнай карткі канкурсантаў стварыла швачка масавага цэха Ларыса Семянкова. Яна ж напісала і вершы. Тэкст прэзентацыі падрыхтавала начальнік аддзела кадраў Таццяна Герасімава. Над музычным афармленнем працавала бухгалтар Таццяна Дземчанка. Асабістыя рэчы прадаставіла ў якасці аксесуараў касір-прыёмшчык Таццяна Прыхожая.
Падсумоўваючы сказанае, трэба зазначыць: вынік заўсёды ёсць тады, калі ёсць лідар, які можа павесці за сабой, і калектыў, які давярае гэтаму лідару і гатовы ісці да поспеху.
Таццяна Буракова.