Місія «Сафіі» ў Багушэўску

Багушэўскую абласную туберкулёзную бальніцу наведалі прадстаўнікі Міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб’яднання «Сафія» са Злучаных Штатаў Амерыкі — сужэнцы Гэры і Кэйлін Джон разам са сваімі сябрамі-валанцёрамі, а таксама выканаўчы дырэктар МДГА «Сафія» Сяргей Зубовіч. Гасцей цікавіла, наколькі рацыянальна бальніца выкарыстала сродкі, выдзеленыя фондам на патрэбы ўстановы.

Летам 2012 года праз ін­тэрнэт валанцёры даведаліся пра, мякка кажучы, сціплыя ўмовы, у якіх даво­дзіцца лячыцца пацыентам  туббальніцы. «Адразу ўзнікла жаданне дапамагчы, бо наша дзейнасць і заключаецца ў клопаце пра іншых», — прызнаўся спадар Джон.

 У верасні мінулага года бальніца атрымала першую частку дапамогі — 170 новых ложкаў і сушыльную машыну, разлічаную на 35 кг бялізны, а ў сярэдзіне снежня паступілі яшчэ 170 ложкаў, акрамя таго, жарачная шафа, электрычная патэльня і блінніца. Агульны кошт абсталявання склаў каля 400 млн рублёў.

 Праграма МДГА «Сафія» спансіруецца гуманітарнай службай Царквы Ісуса Хрыста Святых Апошніх Дзён. Члены царквы (іх каля 14 млн чалавек) ахвяруюць уласныя грашовыя сродкі, якія выкарыстоўваюцца для аказання дапамогі.

 Большасць праектаў маюць сусветную накіраванасць: «Чыстая вада ў краінах Афрыкі», «Рэанімацыя нованароджаных», «Імунізацыя насельніцтва» і інш. Здзяйсняюць і невялікія, лакальныя праекты. Гуманітарная дзейнасць ажыццяўляецца на тэрыторыі 170 краін свету. Больш за 60 тысяч маладых і пажылых людзей за­дзейнічаны ў ёй.

 Гэры і Кэйлін Джон жывуць у амерыканскім штаце Айдаха. У іх вялікая сям’я — 7 дзяцей і 33 унукі. Да таго, як выйсці на пенсію і стаць валанцёрам, Гэры працаваў менеджарам у судова-медыцынскай лабараторыі, Кэйлін рупілася поварам у школе. Па лініі гуманітарнай службы ўжо колькі месяцаў сям’я знаходзіцца ў Беларусі. Да гэтага часу два гады вяла місіянерскую работу ў ра­сійскім горадзе Уфа.

 «Яны не адзіная сямейная пара ў нашай арганізацыі, — гаворыць Сяргей Зубовіч, — такіх добраахвотнікаў шмат. Дарэчы, на Сенненшчыне прадстаўнікі МДГА «Сафія» не першы раз. У 2010 годзе місіянеры наведвалі аддзяленне штодзённага знахо­джання састарэлых у Багданаве».

 Па словах Гэры Джона, у Беларусі ў 2012 годзе «Сафіяй» былі рэалізаваны 27 розных дабрачынных праектаў. А зусім нядаўна ў Віцебскую вобласць дастаўлены 263 інвалідныя каляскі, кантэйнер з адзеннем. Усё гэта будзе размеркавана праз раённыя тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па малазабяспечаных грама­дзянах і інвалідах.

 У час сустрэчы прадстаўнікі МДГА «Сафія» цікавіліся ўмовамі пражывання хворых, станам іх здароўя. Наведалі палаты, харчовы блок, пральню. На памяць аб сустрэчы з рук Наталлі Лясной, галоўнага ўрача туббальніцы, амерыканскія спонсары атрымалі падзячныя пісьмы.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *