І юрысты, і артысты, і псіхолагі. Сваё 95-годдзе адсвяткаваў Сенненскі ЗАГС

Работнікі органаў ЗАГСа Сенненшчыны адзначылі прафесійнае свята ў раённым краязнаўчым музеі, з якім цесна супрацоўнічаюць.

 Функцыі аддзела ЗАГС на вёсцы выконваюць кіраўнікі спраў (раней гэта пасада называлася сакратар) пассельвыканкамаў. Бачацца гэтыя людзі нячаста, таму святочная сустрэча атрымалася вельмі цёплай і шчырай. Асабліва радаваліся магчымасці пагутарыць з былымі калегамі ветэраны. Удзел у мерапрыемстве прыняў таксама кіраўнік спраў райвыканкама Алег Цяцюеў, які па абавязку службы курыруе дзейнасць органаў ЗАГСа.

  Мы рады вітаць вас… Звычайна такімі словамі пачынаецца цырымонія шлюбу. Але ЗАГС — гэта не толькі прыгожыя святы, як часта думаюць недасведчаныя, але і карпатлівая, складаная, можна сказаць, самаадданая, работа з грамадзянамі і са шматлікімі паперамі-дакументамі. Пра гісторыю стварэння і работу Сенненскага аддзела ЗАГС расказалі яго супрацоўнікі, начальнік Вольга Мялешка і галоўны спецыяліст Святлана Высоцкая.

 Усё сваё жыццё чалавек, жадае ён таго ці не, звязаны з ЗАГСам. Нарадзілася дзіця — бацькі ідуць у ЗАГС, захацелі памяняць прозвішча ці імя — таксама ў ЗАГС… З самымі рознымі пытаннямі ідуць сюды людзі: хтосьці вырашыў змяніць нацыянальнасць, нехта шукае сваякоў ці аднаўляе згублены дакумент або афармляе ўсынаўленне. Ідуць людзі ў ЗАГС і з маркотных прычын: памёр блізкі ці чакаецца развод. І выслухаць чалавека трэба, і пракансультаваць , і дапамагчы, паспачуваць і супакоіць.

 Таму спецыяліст ЗАГСа павінен не толькі разбірацца ў грамадзянскім і сямейным праве, а і валодаць навыкамі псіхолага. А яшчэ яму трэба быць артыстам, умець хутка пераўвасабляцца адпаведна моманту. А моманты такія, не кожны, канешне, дзень, але здараюцца. Аднойчы, успамі­налі супрацоўнікі Сенненскага аддзела ЗАГСа, быў такі выпадак. З мінуты на мінуту трэба было пачынаць цырымонію рэгістрацыі шлюбу. Начальнік аддзела ўжо настроілася на «вясельны» лад. А тут якраз прыйшла жанчына, у якой памёр муж: трэба тэрмінова выдаць адпаведны дакумент. Нічога іншага не заставалася, як папрасіць маладых пачакаць і ісці выпісваць даведку, спачуваць гору, супакойваць удаву. І усё роўна жанчына выйшла з кабінета і прайшла міма вясельнай працэсіі ў слязах… Пасля рэгістрацыі шлюбу адзін з гасцей маладой пары спачувальна сказаў супрацоўніцы ЗАГСа: «Ну і работка ў вас.»

 Ці жартам, ці ўсур’ёз (не ведаю), але на святкаванні прагучала такое выказванне: «Калі напісаць у інтэрнэце «юрысты, артысты, псіхолагі», можна атрымаць масу інфармацыі менавіта пра работні­каў ЗАГСа».

 Кожны дзень аддзел запісаў грамадзянскага стану ўзаемадзейнічае з дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі. Вялікі аб’ём работы ажыццяўляецца па выкананні запытаў органаў пракуратуры і ўнутраных спраў, следчага камітэта, камітэта дзяржаўнай бяспекі, судоў, Міністэрстваў юстыцыі і замежных спраў, пасольстваў Рэспублікі Беларусь у замежных дзяржавах. Без звестак, якія прадастаўляюць органы ЗАГС ва ўстаноўленым законам парадку, сёння немагчыма работа многіх дзяржаўных органаў.

 Немалую частку паўсядзённай дзейнасці ЗАГСа складае работа з карэспандэнцыяй. Толькі за 2012 год Сенненскім аддзелам накіравана 1640 паштовых адпраўленняў, амаль столькі ж  атрымана. Гэта работа вельмі карпатлівая, але і вельмі цікавая, адзначыла начальнік установы Вольга Мялешка: «Па адрасах на пісьмах можна вывучаць сусветную геаграфію. З якіх гарадоў і краін нам толькі не пішуць. Часам мы нават не ведаем пра існаванне таго ці іншага горада. Па гэтых пісьмах можна прасачыць міграцыю нашых землякоў, якія пражываюць за тысячы кіламетраў. Часам у  пісьмах гучаць настальгічныя ноткі па сваёй радзіме. Памятаю бабульку з Калінінграда, якая засыпала нас пісьмамі з просьбамі знайсці шматлікіх сваякоў. І ў кожным пісьме быў верш, прысвечаны Сенненшчыне. Асобных карэспандэнтаў мы пазнаём па почырку. Некаторыя пішуць нам як сваім знаёмым. Бывае і так, што інфармацыю, каб адказаць на пісьмо, даводзіцца шукаць па некалькі дзён. Аўтар такога пісьма пра ўсё жыццё сваё раскажа, пра медалі і граматы. А самае галоўнае не назаве: просіць удакладніць дату нараджэння, а дзе нарадзіўся не напісана. Тады даводзіцца шукаць ледзь не «ўсляпую», пераглядаць архіў, тэлефанаваць у іншыя ЗАГСы, але ўсё ж дапамагчы чалавеку, бо ведаем, што да нас звяртаюцца не дзеля цікаўнасці, а таму што трэба»…

 З асаблівай цеплынёй успаміналі на сустрэчы ветэранаў. Шмат га­доў добрасумленна працавалі ў органах ЗАГСа Р.А.Васілёнак, З.І.Сялецкая, Н.І.Жэміс, Л.А. Прыстаўка, З.І.Мялешка, Т.Л.Гарбачова, Л.І.Раманенка, Т.А.Краўцова. Доўгі час у сельвыканкамах рэгістравалі акты грамадзянскага стану, а цяпер працуюць у іншых сферах Г.М.Цямрук (Суворава), Т.Ф.Бярговіна, Г.П.Кучынская, Р.В.Цяцюева, В.А.Маслава.

 Усіх прысутных з прафесійным святам павіншаваў кіраўнік спраў райвыканкама Алег Цяцюеў. Ён уручыў Ганаровыя граматы райвыканкама Святлане Высоцкай і кіраўніку спраў Ходцаўскага сельвыканкама Раісе Пальчык. Падзячныя пісьмы старшыні райвыканкама атрымалі Іна Пухоўская (Багушэўскі сельвыканкам) і Сяргей Цярэня (Какоўчынскі). Такой узнагароды былі ўдастоены таксама кіраўнік спраў Нямойтаўскага сельвыканкама Галіна Дубавец і ветэран працы, былы начальнік раённага аддзела ЗАГС  Марыя Калымага.

 Супрацоўнікі Сенненскага ЗАГСа падарылі ўсім прысутным на памяць пра сустрэчу белых лебядзяў, цудоўна вырабленых з паперы. Ад імя калег работнікаў раённага аддзела запісаў актаў грамадзянскага стану павіншавала (і ўручыла падарунак) былы сакратар Какоўчынскага сельвыканкама Галіна Суворава.

 Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь удзяляе вялікую ўвагу рэгістрацыі заключэння шлюбаў. Органы ЗАГСа распрацоўваюць індывідуальныя сцэнарыі рэгістрацый з улікам пажаданняў грамадзян. Сёння шлюб можна зарэгістраваць за межамі ЗАГСа з выкарыстаннем абрадавых традыцый розных народаў. Ужо некалькі гадоў аддзел ЗАГСа цесна супрацоўнічае з работнікамі Сенненскага гісторыка-краязнаўчага музея, якія распрацавалі «Вясельны абрад на Сенненскі лад».

 З віншавальнай праграмай да віноўнікаў свята звярнуліся супрацоўнікі музея, якія парадавалі прысутных вясёлымі песнямі.

 І ў канцы мерапрыемства гаспадары сустрэчы запрасілі гасцей на бакал шампанскага, бо якое ж свята ў ЗАГСе без гэтага традыцыйнага шыпучага напітку…  

   Таццяна Буракова.

 На здымках: кіраўнік спраў райвыканкама Алег Цяцюеў уручае Ганаровую грамату і кветкі Святлане Высоцкай; са словамі він­шаванняў і падарункам — Галіна Суворава; музычнае вішаванне ад святланы Бянцяй і Браніславы Жаўтабрухавай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *