У парку 40-годдзя Перамогі ў Сянно прайшла традыцыйная навагодняя лыжная гонка
Надвор’е ў гэты дзень не радавала. Аднак навагодняя лыжня ўсё ж такі стартавала насуперак дажджу і мокраму снегу. Хлопчыкі і дзяўчынкі розных узроставых груп прадстаўлялі не толькі наш раён. Паўдзельнічаць у навагодняй гонцы на Сенненшчыну прыехалі лыжнікі з Новалукомля і Віцебска. Юныя спартсмены, якім даспадобы пракаціцца з ветрыкам на лыжах, паказалі неверагодную вытрымку і імкненне да перамогі. Нядрэнныя вынікі прадэманстравалі прадстаўнікі нашага раёна.
Сярод сенненцаў 2002 года нараджэння і маладзей лепшымі сталі: у хлопчыкаў — Аляксандр Нірка і Павел Аўсеенка; у дзяўчынак — Юлія Кавалеўская і Марыя Баркавец. Сярод народжаных у 2000-2001 гадах толькі дзяўчынкі — Яна Тарасевіч і Вікторыя Карчэўская — змаглі заваяваць першае і другое месцы адпаведна. У сенненскіх хлопцаў гэтага ўзросту месцы ў турнірнай табліцы пачынаюцца толькі з шостага. Яўген Мурашка, як прадстаўнік узроставай групы 1998-1999 гадоў нараджэння, стаў другім, уступіўшы віцябчаніну. Сярод дзяўчынак пра сябе заявілі Анастасія Мацкевіч і Ганна Кухто. Прызавых месцаў у старэйшай узроставай групе (1997 г.н. і старэй), дзе выступалі толькі хлопцы, дасягнулі Павел Пісецкі, Дзяніс Пагарэльскі і Пётр Труханенка.
Арганізавалі і правялі святочную лыжную гонку аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама і Сенненская СДЮШАР.
Ірына ГАРБАЧОВА.