Cацыяльны ўхіл захавае бюджэт Сенненскага раёна на 2013 год.

Асноўнай крыніцай паступлення сродкаў у яго застаюцца падатковыя  адлічэнні  з заробкаў фізічных асоб.

 Прайшла ХХХІІІ чарговая сесія раённага Савета дэпутатаў 26 склікання, на парадак дня якой былі вынесены два пытанні.  Спачатку дэпутаты  і запрошаныя да ўдзелу ў рабоце сесіі заслухалі справаздачу раённага выканаўчага камітэта аб сацыяльна-эканамічным развіцці раёна ў 2012 годзе і прагнозе на 2013 год. У якасці дакладчыка выступіў старшыня райвыканкама Віктар Цапота. Юлія Зязюліна, начальнік фінансавага аддзела райвыканкама, расказала пра бюджэт 2013 года: як ён будзе фарміравацца, на што траціцца.

 Мінулы год Віктар Цапота характарызаваў як «вельмі складаны і напружаны». З грамадскіх падзей найбольш значнымі былі, на думку дакладчыка, выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і святкаванне 570-годдзя з дня першага пісьмовага ўпамінання пра Сянно.

 Аснову эканомікі раёна складае сельскагаспадарчая вытворчасць. На працягу года яна расла, але не такімі тэмпамі, як хацелася б, як меркавалі. Парадаваў толькі прырост, больш чым на 1 тысячу тон, у вытворчасці зерня. А вось недабор кармоў на 9,1 цнт кармавых адзінак, відаць, ужо сказваецца на вытворчасці малака. Яна ў большасці гаспадарак, у тым ліку самых буйных вытворцаў, у параўнанні з  мінулым годам змяншаецца.

 Што да прыемных здабыткаў, то раён за год прырос новымі прадпрыемствамі. Іх пабольшала ажно на 17.

 Не менш складаным і напружаным абяцае быць 2013 год. Працягнецца рэканструкцыя старых малочнатаварных ферм, будаўніцтва новых. У жывёлагадоўчай вытворчасці з’явяцца новыя накірункі. Мяркуецца, што ў ААТ «Белая Ліпа» пачнуць вырошчваць авечак, а ў ДП «Саўгас імя Машэрава» — пушных звяроў.

 У бюджэт Сенненскага раёна на наступны год, па папярэдніх разліках, паведаміла Юлія Зязюліна, паступіць 88,2 млрд рублёў. Бюджэт застаецца датаваным. Сродкі, у пераважнай большасці, будуць накіраваны на выплату зарплаты работнікам бюджэтнай сферы, на падтрымку медыцыны, культуры, адукацыі. Гэта значыць, як і ў 2012, у 2013 годзе раённы бюджэт захавае  сацыяльную накіраванасць.

 Свой погляд на развіццё Сенненшчыны ў 2012 годзе і  перспектывы  2013 года, на раённы бюджэт наступнага года ад імя дэпутатаў раённага Савета ў садакладзе выказала Таццяна Гарнак, старшыня пастаяннай камісіі па пытаннях бюджэту і эканамічнага развіцця.

 Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.